- Пленэр імя Чэслава Немана
- 27.06.2006
26 чэрвеня на Гарадзеншчыне пачаўся пленэр імя Чэслава Немана, арганізаваны Таварыствам польскіх мастакоў, якое дзейнічае пры Саюзе палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.
Пленэр праходзіць пад патранатам Генэральнага консульства Рэчы Паспалітай у Горадні. Галоўная мэта мерапрыемства, - гэта перш за ўсё ўшанаваньне памяці сусьветнавядомага песьняра, сына гэтай зямлі, - кажа генэральны консул Рэчы Паспалітай у Горадні Анджэй Крэнтоўскі.
Анджэй Крэнтоўскі: Мастацкі пленэр адбываецца ў Старых Васілішках, якія знаходзяцца за 70 кілямэтраў на ўсход ад Горадні. Менавіта там нарадзіўся Чэслаў Неман. Туды можа прыехаць кожны, пагутарыць зь мясцовым насельніцтвам. Мы заўжды казалі, што польская нацыянальная меншасьць мае права культываваць свае традыцыі й таксама пераказваць іх у артыстычнай форме, пра што сьведчыць хаця б арганізацыя гэтага пленэру. Трэба падкрэсьліць, што гэта цудоўная ініцыятыва, новая ня толькі на Гарадзеншчыне, але ўвогуле ў польскім асяродзьдзі. Арганізатары таксама скантактаваліся з удавой песьняра, якая была гэтым вельмі ўзрушаная. Ну й вельмі прыемна, што інфармацыя аб пленэры атрымала водгукі розных замежных мастакоў.
4 ліпеня ў гарадзенскай галерэі “Тызэнгаўз” адчыніцца вэрнісаж, на якім можна будзе паглядзець працы з пленэру. Акрамя мастакоў зь Беларусі, у пленэры ўдзельнічаюць таксама мастакі з Польшчы, Летувы і Ўкраіны.
Караліна Русіновіч