- "Салодкія хвіліны"
- 28.06.2006
Лета - гэта гарачая пара для дачнікаў. Усё, што сабярэм ў садзе й агародзе, доўгай зімою ня толькі цешыць вока, але й сапраўдная прыемнасьць для страўніка. На днях Міністэрства эканомікі Беларусі некаторым грамадзянам вельмі сапсавала гэтую асалоду, таму што па прапанове канцэрна "Белдзяржхарчпрам" павялічыла цэны на цукар-пясок на 10 адсоткаў. У Міністэрстве эканомікі вырашылі, што гэты крок дазволіць на частковую кампэнсацыю фінансавага стану цукраперапрацоўчых аб`яднаньняў, а таксама спыніць нелегальны вываз цукру за мяжу ў сувязі з вышэйшымі цэнамі на яго ў суседніх дзяржавах. Не сакрэт, што канцэрн "Белдзяржхарчпрам" ужо даўно знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы, - кажа эканаміст Барыс Жаліба.
Барыс Жаліба: І таму ўлады выкарыстоўваюць кожную магчымасьць, каб нейкім чынам палепшыць гэтае цяжкае фінансавае становішча, у тым ліку й канцэрну "Белхарчпрам". Кіраўніцтва гэтага канцэрна неаднойчы зьвярталася да ўраду, каб той дапамог выправіць паказчыкі. Ну, і ўрад скарыстаўся тым, што ідзе лета й нарыхтоўка салодкіх рэчаў, а за гэтым ідуць буйныя закупы цукру. А гэта ўсё будзе адбівацца на нашых кішэнях, а перш за ўсё, пэнсіянэраў. Так што нас гэтыя зьвесткі ня радуюць.
Назіраючы за эканамічнымі працэсамі, можна ўбачыць замкнутае кола: з аднаго боку, павышаюць зарплату й пэнсіі, з другога - цэны на харчаваньне, - дадае Барыс Жаліба
Барыс Жаліба :Гэта ўжо ня першы раз павышэньне і зарплаты, і пэнсіяў. А ўсё зьядае інфляцыя. А павышэньне цэнаў на цукар - гэта й ёсьць элемэнт інфляцыі, асабліва летам.
А тым часам у агародзе сьпеюць клубніцы, а ў садзе чарэшні й вішні. І нават высокія цэны на цукар ня супыняць сапраўдных аматараў салодкіх страваў звахаваць на зіму слоік летняга водару.
Караліна Русіновіч