• „Плыткая фантазія – гэта калецтва”
  • 29.06.2006
Пачалася грамадзкая кампанія „Плыткая фантазія – гэта калецтва”. Яе ініцыятарам і арганізатарам зьяўляецца Таварыства сяброў інтэграцыі. Задача кампаніі - папярэджваць маладых людзей аб наступствах лёгкадумных скачкоў у ваду. Таварыства сяброў інтэграцыі дапамагае таксама асобам, для якіх скок закончыўся інваліднасьцю.

Кампанія палягае на разьмяшчэньні плякатаў у ваколіцах пляжаў, у школах, ВНУ, у цягніках і аўтобусах. Пра тое, што плыткая фантазія можа давесьці да калецтва, прыгадваюць таксама рэклямныя ролікі па тэлебачаньні й па радыё.

Гэтак гучыць рэклямны ролік:

„Уяві сабе, што ты на беразе ракі - сонца, трава, спякотнае лета. Уяві сабе - ты стаіш на канцы мастка, пад табою халодная вада. Скачаш. Уяві сабе, што ўдараеш галавою аб дно й ламаеш пазваночнік. Уяві сабе, што да канца жыцьця ты застаешся на калясцы. Хочаш так жыць? Штогод для сотняў людзей скачок у ваду ў невядомым месцы заканчваецца на інваліднай калясцы. Плыткая фантазія – гэта калецтва.

Арганізатары кампаніі падкрэсьліваюць, што рэч ня ў тым, каб забараніць скачкі ў ваду, але каб маладыя людзі ўсьведамлялі сабе наступтвы такіх учынкаў. Бо адпачываць можна бясьпечна. Дастаткова ўваходзячы ў ваду задумацца над сваім уменьнем плаваць, а скакаць у бясьпечных, адведзеных для гэтага месцах - падкрэсьлівае Пётр Паўлоўскі, які сам зьяўляецца ахвярай скачкоў у ваду.

Калі нехта скача ў ваду й потым трапляе ў шпіталь, чуе ад лекара: Ну што ж вы зрабілі? Прыдзецца да канца жыцьця езьдзіць на інваліднай калясцы. Я скочыў у ваду 24 гады таму. За гэтыя 24 гады няшмат зьмянілася, калі казаць пра мэдычныя магчымасьці.

Пётр Паўлоўскі кажа, што кожны год некалькі сотняў палякаў, пераважна гэта мужчыны й хлопцы, пашкоджваюць пазваночнік менавіта ў выніку няўдалага скоку.

Агата Шчэплэк з Таварыства сяброў інтэграцыі падкрэсьлівае, што таварыства імкнецца таксама навучаць:

Мы падрыхтавалі фільмы пра скачкі ў ваду, пра тое, што дзеецца пасьля скоку, але таксама ролікі пра бесьпеку над вадою, і як аказваць першую мэдычную дапамогу. Ёсьць таксама сшытак пад назвай "Плыткая фантазія - гэта калецтва". І ён трапіў у школы.

Таварыства арганізавала варштаты для настаўнікаў. У іх удзельнічала каля тысячы пэдагогаў, а атрыманыя веды яны перадавалі дзецям. Маладым людзям трэба ўсьведаміць, чым пагражае скачок у ваду ў невядомым месцы – кажа Агата Шчэплэк:

Мы не імкнемся зьнеахвочваць да скачкоў, а хочам падкрэсьліць, што пасьля можа быць вельмі дрэнна. Кожны скачок можа быць бясьпечны, толькі трэба пастарацца.

Трэнэры па плаваньню й скоках падкрэсьліваюць, што скокі могуць быць бясьпечнымі, але трэба гэта рабіць умела. Раяць, каб першы раз заўсёды скакаць на ногі.

Таварыства сяброў інтэграцыі падтрымлівае таксама ахвяраў няўдалых скачкоў у ваду. Узьнікла фундацыя „Першы крок”. Пётр Паўлоўскі тлумачыць, што асноўная мэта гэтай праграмы – дапамагчы інваліду вярнуцца да жыцьця ў грамадзтве:

Калі нехта працаваў да здарэньня, то яму трэба дапамагчы вярнуцца на працу. Калі нехта вучыўся, то прыкласьці ўсе намаганьні, каб ён вярнуўся ў школу, у ВНУ. У кватэры як мага хутчэй ліквідаваць перашкоды архітэктурнага характару. Менавіта "Першы крок" дапамагае такім асобам. Прызнае стыпэндыі, вяртае інвалідаў да нармальнага жыцьця.

На вакацыях варта памятаць, што „Плыткая фантазія пагражае калецтвам” і ня толькі падчас адпачынку над вадою.

Ялянта Сьмялоўская