- Затрыманьні на рыцарскім фэсьце
- 03.07.2006
Учора ў Наваградку падчас фэсту рыцарскай культуры „Наваградзкі замак” дайшло да масавых затрыманьняў актывістаў моладзевых апазыцыйных рухаў. Было затрымана каля 50 чальцоў Партыі БНФ ды крыла партыі „Моладзь БНФ”, а таксама незарэгістраванага аб’яднаньня „Правы альянс”.
З самага ранку каля 100 актывістаў партыі БНФ раздавалі на вуліцах у Наваградку значкі з сымболікай руху „За Свабоду” й „Моладзь БНФ”. Празь некаторы час наваградзкая міліцыя пачала затрымліваць кожнага, хто меў на сабе згаданыя значкі й канфіскаваць незарэгістраваную, паводле міліцыянтаў, сымболіку.
Увечары, падчас імітацыі штурму замкавай гары, адбылася галоўная частка наваградзкай акцыі моладзевых актывістаў. Было ўзьнята каля 20 бел-чырвона-белых сьцягоў, што публіка сустрэла авацыямі ды воклічамі „Жыве Беларусь”. Зарэагавала й мясцовая міліцыя. На працягу 10 хвілін было арыштавана каля 50 чалавек, якія ўзьнялі нацынальныя сьцягі.
Пра ўчорашнія падзеі ў Наваградку распавядае адзін з чальцоў „Моладзі БНФ” Франак Вячорка.
Ф. Вячорка: „Акцыя трывала ад 10.00 раніцы да 18.00 увечары. З самага ранку нашыя актывісты раздавалі значкі, наклейкі з сымболікай "За Свабоду", а таксама "Далучайся". А 12.00 міліцыя пачала затрымліваць усіх, у каго былі дрэўцы для сьцягоў, а таксама самі сьцягі. Пачалі іх канфіскоўваць. Міліцыя, безумоўна, даведалася пра плянаваную акцыю на 16.00-ю, калі павінны быць узьнятыя сьцягі падчас штурму замку. Міліцыя ніяк не абгрунтоўвала гэтае затрыманьне. Падчас затрыманьня яны правяралі дрэўцы на, быццам бы, выбуховыя рэчы. Сьцягі канфіскоўваліся як незарэгістраваная сымболіка або прадметы, небясьпечныя для грамадзкага парадку. А 16.00-й, калі былі ўзьнятыя каля 20 сьцягоў каля Замкавай гары, міліцыя, прымяняючы сілу і ўжываючы нецэнзурную
лексыку, арыштавала каля 10-ці нашых чалавек. А 20.30, пасьля падачы тлумачэньняў, іх адпусьцілі. У Віктара Івашкевіча канфіскавалі некалькі сьцягоў і дрэўцаў, у пратаколе напісалі – “дробнае хуліганства”, і “канфіскацыя незарэгістраванай сымболікі”.
Вячорка лічыць, што падобныя дзеяньні міліцыі не адпавядаюць нядаўнім заявам Аляксандра Лукашэнкі пра супольныя дзеяньні ўсіх грамадзянаў на карысьць незалежнасьці Беларусі.
Адзін зь лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які быў адным з арганізатараў згаданай акцыі, у міліцыі заявіў, што адказнасьць за ўзьняцьце сьцягоў бярэ на сябе. Такім чынам пратакол за ўжываньне незарэгістраванай сымболікі быў складзены на яго.
В. Івашкевіч: “Я прыехаў у пастарунак і сказаў, што ўсе гэтыя сьцягі мае. Усіх адпусьцілі, а на мяне аднаго склалі пратакол, нібыта я махаў сьцягамі. Пасьля гэтага мяне таксама адпусьцілі. Мне інкрымінуецца артыкул - “выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі” падчас масавых мерапрыемстваў. Усе дакуманты будуць перададзеныя ў суд, паколькі па маёй прапанове быў складзены толькі адзін пратакол на маё імя. Астатніх адпусьцілі”.
Паводле Івашкевіча, акрамя паказу нацыянальных беларускіх колераў ёсьць і іншы дадатны бок учарашняй акцыі:
“Потым да нас падыйшла група мясцовай моладзі й была ўтворана суполка "Моладзі БНФ". Так што вынік нашай акцыі - стварэньне новай структуры”.
Паводле словаў Віктара Івашкевіча, публіка, якая сабралася на відовішчы, ніяк не зарэагавала на арышты й зьбіцьцё актывістаў, узьняўшых бел-чырвона-белыя сьцягі. ”Яны як былі глядачамі штурму замку, так і засталіся імі падчас штурханіны паміж намі й міліцыяй”, - заявіў Івашкевіч.
Дзьмітры Гурневіч