- Запрашаем да ўдзелу у конкурсе грантаў
- 04.07.2006
Беларускія няўрадавыя арганізацыі могуць прымаць удзел у конкурсе “Перамены ў рэгіёне – RITA (Region in Transition)”. Гэта спабор для найлепшых польскіх арганізацый, якія маюць досьвед дэмакратычных і рынкавых рэформаў і хацелі б перадаць яго партнэрскім арганізацыям на ўсходзе. У межах праграмы RITA ёсьць падпраграма “Лякальнае супрацоўніцтва”. Яна прадбачвае дапамогу для менш дасьведчаных арганізацый, якія толькі пачынаюць супрацоўніцтва з замежжам.
Як распавёў нам каардынатар конкурсу Барташ Енджэйчак, заяўкі могуць падаваць толькі польскія арганізацыі, але карыстальнікамі грантаў будуць іх усходнія партнэры.
Б.Енджэйчак. Згодна з жаданьнем спонсара - Польска-Амэрыканскай фундацыі свабоды, дакумэнты на ўдзел у праграме могуць падаваць толькі польскія арганізацыі, але атрымальнікам гранту могуць быць, зразумела, таксама беларускія арганізацыі. Так што палякі пішуць праекты, і яны будуць адказваць за канчатковы вынік праекту, але іх партнэры з усходу - зь Беларусі, Расеі, Украіны ці іншай дзяржавы атрымаюць сродкі. Галоўны націск робіцца на тое, каб карыстальнікам гэтых ідэй, сродкаў і досьведу былі партнэры з усходу.
Радыё Палёнія: Нашыя перадачы слухаюць перш за ўсё людзі зь Беларусі. Магчыма, іх зацікавіць ваш конкурс – так што давайце ўдакладнім шлях атрыманьня гранту - беларуская арганізацыя павінна знайсьці партнэра ў Польшчы й дамовіцца зь ім аб супрацоўніцтве.
Б.Енджэйчак: Трэба, каб польскі бок знайшоў партнэра па ўсходнім баку мяжы - скажам, у Беларусі, і запрапанаваў яму супрацоўніцтва. Але першы крок можа зрабіць, зразумела, і беларуская арганізацыя, а супрацоўніцтва можа пачацца менавіта з гэтага праекту, ня трэба мець вялікага багажу досьведу супрацоўніцтва, гэта можа быць першы такога роду сумесны праект. Можна сустрэцца, абмяняцца інфармацыяй, вырашыць, што хочам нешта разам зрабіць, і тады напісаць праект, унесьці заяву на конкурс грантаў, і прыступіць да рэалізацыі.
Радыё Палёнія: Якія арганізацыі могуць уносіць заяўкі на ўдзел у спаборы?
Б.Енджэйчак: Калі гаворка ідзе пра польскі бок, то заявы могуць уносіць няўрадавыя арганізацыі - фонды, таварыствы, навучальныя ўстановы - і тут ёсьць шырокае поле дзейнасьці, бо заявы могуць падаваць гімназіі, ліцэі, а нават дзіцячыя садкі - бо былі й такія праекты, якія атрымалі грант. А з другога, партнэрскага боку, няма ніякіх абмежаваньняў - гэта можа быць школа, недзяржаўная арганізацыя, муніцыпальны ворган, асацыяцыя студэнтаў і гэтак далей. Дарэчы, беларусы павінны быць актыўным удзельнікам гэтага конкурсу, паколькі менавіта для іх ён быў практычна зладжаны. Беларусь, Расейская Фэдэрацыя, Калінінградская вобласьць ды Малдова - гэта чатыры напрамкі, якія найбольш цікавяць спонсара. Калі беларусы хацелі б пераняць нейкі польскі досьвед, то павінны яны знайсьці такую арганізацыю з польскага боку, якая разам зь імі напіша праект і атрымае сродкі на супрацоўніцтва. Так што беларусы знаходзяцца ў камфортнай сытуацыі - яны скарыстаюцца грантам, але ня мусяць займацца фармальным бокам праекту, афармленьнем дакумэнтаў.
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у праграме “Найлепшы польскі досьвед” – 15 кастрычніка бягучага году, а на ўдзел у падпраграме “Лякальнае супрацоўніцтва” найбліжэйшы тэрмін падачы заявак – 15 верасьня. Калі нехта хоча атрымаць больш інфармацыі, альбо выслаць сваю заяўку, то запрашаем на вэб-сайт – адрас www.rita.edudemo.org.pl.
Натальля Грышкевіч