• Ці беларуская нацыя можа зьнікнуць?
  • 11.07.2006
Паводле дэмаграфічнага прагнозу, колькасьць насельніцтва ў Беларусі ў 2020 годзе зьменшыцца на 870 тысяч чалавек у параўнаньні з 2000 годам. Як незалежныя сацыёлягі, так і звычайныя людзі галоўную прычыну бачаць у дрэнным фінансавым забесьпячэньні сям’і ў Беларусі.

Сацыёляг Аляксандар Сасноў кажа, што на дадзены момант дзяржава ня можа заахвоціць людзей нараджаць дзяцей. А ўсе абяцанкі толькі імі й застаюцца.

А. Сасноў: Мы вывучаем сацыялягічную сытуацыю, а зь яе вынікае, што праблемы ёсьць. Прыкладна кожны трэці жыхар Беларусі не адабрае дзейнасьць кіруючай улады, дзьве трэція яе падтрымліваюць. Ці таму ня хочуць нараджаць дзяцей? Гэта невядома. Гэтыя дзьве справы могуць і ня быць зьвязаныя адна з адной. Напрыклад, у Эстоніі палітычная сытуацыя лепшая, а дзяцей нараджаюць ня болей, чым у Беларусі. А ёсьць Кітай ці Пакістан, дзе дрэнная дэмакратычная сытуацыя, а нараджальнасьць вельмі высокая. Проста ў нас агульнаэўрапейскія тэндэнцыі. Людзі жылі дрэнна. Зараз пачалі жыць крыху лепей. Каб адчуваць сябе яшчэ лепш, яны прыйшлі да высновы, што ня трэба нараджаць дзяцей.

Нашая дзяржава ня можа заахвоціць да нараджаньня дзяцей, яна ня можа прымусіць. Ня зможа, бо традыцыі ў нас такія. Тут жывуць праваслаўныя, у якіх адна жонка, а ня пяць. А абяцаных кватэр ніхто не дачакаецца. Яны абяцаюць, каб добра выглядаць на кіроўных пасадах.


Старшыня рады Арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар перакананая, што маладыя бацькі ня хочуць другога ці трэцяга дзіцяці, бо ня ўпэўненыя ў сваёй будучыні.

І. Жыхар: Каб выхаваць здаровае дзіця, трэба шмат грошай. Сёньня жанчына ня ўпэўненая, што ў яе будзе дастаткова стабільная будучыня. Гэта зьвязана з працай, якую сёньня лёгка страціць. Акрамя таго шмат мужчын выяжджае ў пошуках лепшай долі ў замежжа, яны часта не вяртаюцца. Такая нестабільнасьць адносна будучыні робіць жанчын прагматычнымі. Другое дзіця часта выглядае як раскоша.

Я лічу, што ў нас у краіне не распрацаваная сыстэма дапамогі, якая б стымулявала нараджальнасьць. Бо калі жанчына адчувала б сваю фінансавую стабільнасьць, яна нарадзіла б і другое, і трэцяе дзіця.


Сёньня колькасьць насельніцтва Беларусі складвае 9 мільёнаў 752 тысячы чалавек, гэта на 37 тысяч меней, чым у мінулым годзе.


Алена Пытэль