• Цяжкасьці ў атрыманьні польскай візы
  • 11.07.2006
Каб атрымаць польскую ўязную візу ў консульствах і консульскіх аддзелах Рэспублікі Польшча ў Беларусі трэба чакаць нават да двух месяцаў. Чарга за візай для тых, хто мае намер наведаць Польшчу ў жніўні, ужо сёньня складае некалькі тысячаў чалавек.

Ля консульскага аддзелу Польшчы ў Менску на вуліцы Крапоткіна, каб атрымаць турыстычную візу, штодня чакае некалькі соцен чалавек. Тыя, хто падаюць неабходныя дакумэнты сёньня, змогуць атрымаць жаданую візу не раней, чым празь месяц.

Наш віцебскі карэспандэнт Юрась Сьцяпанаў таксама быў сярод тых, хто стаіць у чарзе па польскую візу.

Ю. Сьцяпанаў: “Прыязджаеш зь іншага гораду, траціш вялікія сумы грошай, маеш неабходныя дакумэнты, стаіш пад сонцапёкам, а ў рэшце нават ня можаш аддаць гэтую заяву ў консульства. Відавочна, што аднаго консульства ў Менску замала на 4 вобласьці. Бо, як кажуць людзі, якія чакаюць пад консульствам, што ў Берасьці й Горадні такіх праблемаў няма.”

Прэс-сакратар Абмасады Польшчы ў Менску Моніка Садкоўска кажа, што доўгі пэрыяд чаканьня выдачы візы зьвязаны выключна зь вялікай колькасьцю жадаючых наведаць Польшчу.

М. Садкоўска: “Калі чалавек зьвяртаецца да нас па візу, то ён яе атрымае ў той самы дзень пасьля абеду альбо на наступны дзень. Сёньня праблема заключаецца ў тым, што ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца па візы. Перавагу заўжды маюць удзельнікі праграмаў па культурным ды адукацыйным абмене, удзельнікі канцэртаў, фэстываляў. Калі дата выезду плянуецца бліжэйшымі днямі, то консульскі аддзел у такіх выпадках робіць візы тэрмінова. Няма праблемы з выдачай віз, гэта чыста фізычная немагчымасьць прыняць усіх жадаючых. У гэтым і заключаецца прычына таго, што чэргі зараз такія вялікія”.

Статыстыка выдачы віз за мінулыя месяцы сьведчыць аб тым, што сёлета ахвотных паехаць адпачыць за заходнюю мяжу на 20% больш, чым у мінулым годзе.

М. Садкоўска: За пэрыяд ад 1 студзеня 2006 году да паловы чэрвеня грамадзянам Беларусі было выдадзена 39 тысячаў 266 візаў. Толькі за травень было выдадзена больш як 7 тысячаў віз. Трэба сказаць, што, безумоўна, чэргі па візы значна большыя, чым хаця б у мінулым годзе. У летні пэрыяд заўжды больш жадаючых атрымаць польскую візу. Тым больш, што менавіта зараз закончваюцца актуальныя візы грамадзянаў, якія яны зрабілі раней. Трэба таксама браць пад увагу тое, што ўлетку шмат культурных імпрэзаў. Узрастае турыстычны абмен. Напрыклад, на гэтым тыдні ў Польшчу едуць групы на "Басовішча”, а таксама бітву пад Грунвальдам. Гэта групы па некалькі соцен чалавек. Лета – гэта такі час, калі традыцыйна выдаецца больш візаў.

У консульскім аддзеле Міністэрства замежных справаў Польшчы нам паведамілі, што праблема з выдачай візаў у Беларусі зьвязаная выключна з турыстычным бумам у Польшчы, які ў сувязі з гарачым надвор’ем якраз зараз назіраецца на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора ды ў гарах на поўдні краіны.


Дзьмітры Гурневіч