- Прысуд Аляксандру Казуліну
- 14.07.2006
Шок і абурэньне ня толькі ў беларускай , але і ў міжнароднай гарамадзкасьці выклікаў прысуд, які ў чацьвер атрымаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандар Казулін. Судзьдзя зачытаў прысуд без падсуднага, толькі ў прысутнасьці яго адвакатаў - гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя ў гісторыі правасудзьдзя. Аляксандар Казулін атрымаў 5,5 гадоў пазбаўленьня свабоды ў калёніі агульнага рэжыму. Учора пад будынкам Маскоўскага суду Менску сабраліся тыя, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра Казуліна, - для Радыё Палёнія камэнтуе падзеі праваабаронца Алег Воўчак.
Алег Воўчак:Вынясеньне прысуду адбылося за зачыненымі дзьвярыма. Усіх выдалілі з залі. На залі прысутнічалі толькі два адвакаты й пракурор. Так што вынясеньне прысуду адбылося без падсуднага. Цяпер праваабаронцы будуць падымаць справу на міжнародным узроўні, пісаць касацыю й зьвяртацца ў вышэйшую судовую інстанцыю. На адчытаньне прысуду прыйшлі прадстаўнікі замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў, але й іх не ўпусьцілі ў залю. Былі прадстаўнікі амбасадаў Амэрыкі, Нямеччыны, Летувы ды місіі АБСЭ ў Беларусі. Мы ўсе стаялі пад будынкам суду й чакалі, калі Аляксандра Казуліна будуць выводзіць. Таксама прыйшла ягоная мама, трымалася за крату й казала, што ня пойдзе адсюль, пакуль ня ўбачыць сына. Падтрымаць Аляксандра Казуліна прыйшло даволі шмат людзей. Я слухаў іх камэнтары й адназначна магу сьцьвердзіць, што ўсе вельмі незадаволеныя прысудам. Вы ж разумееце, сур`ёзнага канкурэнта «ўпяклі» за краты на 5,5 гадоў, каб не перашкаджаў на будучых выбарах.
Адвакат і праваабаронца Вера Страмкоўская з Цэнтру правоў чалавека падкрэсьлівае, што такога прысуду ў гісторыі беларускага правасудзьдзя яшчэ не было. Яго належыць разглядаць, як асабістую помсту Аляксандра Лукашэнкі, лічыць яна.
Вера Страмкоўская: Я не была прафэсійным абаронцам у гэтай справе й таму пра прысуд даведалася са сродкаў масавай інфармацыі. Калі я гэта пачула, я была ня проста зьдзіўленая, бо гэта вельмі жорсткі прысуд. Нават каб былі канкрэтныя доказы ягонай віны, а тым больш, што такіх доказаў не было. Такі жорсткі прысуд і тое, што такія някрыўдныя дзеяньні зьявіліся базісам да прысуду, я лічу неабходным абскардзіць. Адвакаты, канешне, абскардзяць. Ведаючы пра тое, што ў Канстытуцыйнай інстанцыі могуць паменшыць гэты тэрмін, а таксама міжнародная супольнасьць ставіцца да гэтага вельмі ўважліва, я лічу, што ўсё ж такі будзе нейкі вынік. Нашае заканадаўства ня будзе прыслухоўвацца да ягоных абаронцаў. А вось да абаронцаў з розных прававых цэнтраў ды прадстаўнікоў Эўразьвязу - гэта можа спрацаваць, гэта можа даць нейкія вынікі.
Адвакаты Аляксандра Казуліна ўжо рыхтуюць неабходныя дакумэнты ў міжнародныя інстытуты. Вось толькі, на жаль, Міжнародны суд па правох чалавека ў Страсбурзе нічым не дапаможа, таму што Бе ларусь не ратыфікавала ніякай міжнароднай канвэнцыі. Але яны могуць зьвярнуцца па дапамогу ў камісію па правох чалавека пры ААН,- кажа Ўладзімер Шчэрбаў з прадстаўніцтва ААН у Менску.
Уладзімер Шчэрбаў: Грамадзяне Беларусі могуць зьвяртацца ў Камітэт па правох чалавека пры ААН, калі яны лічаць, што іхныя правы, якія зафіксаваныя ў міжнародным пакце грамадзянскіх і палітычных правоў, парушаныя. Беларусь ратыфікавала факультатыўны пратакол да гэтага пакту, і таму беларусы могуць дасылаць свае заявы. Каб камітэт прыняў справу да разгляду, трэба споўніць дзьве асноўныя рэчы: па-першае, каб размова йшла менавіта пра парушэньне грамадзянскіх правоў, зазначаных у пакце. Там ёсьць артыкул пра справядлівае судовае разьбіральніцтва. Па-другое, павінны быць вычарпаныя ўнутраныя сродкі прававой абароны. Калі Камітэт знаходзіць, што парушэньне правоў мела месца, ён паведамляе дзяржаву, супраць якой была скіраваная заява, і адпаведна рэкамэндуе некаторыя захады, каб нейкім чынам вярнуць пакрыўджанай асобе яе правы й кампэнсаваць панесеныя страты. Зразумела, што спадар Казулін і ягоныя адвакаты могуць зьвярнуцца ў Камітэт па правох чалавека. І калі выйграюць справу, то адпаведная рэкамэндацыя будзе. А як беларускі ўрад будзе ставіцца да гэтай рэкамэндацыі - гэта ўжо іншая справа.
Сёньня кіраўнікі дыпляматычных місіяў чальцоўскіх краін Эўразьвязу ў Менску выдалі адмысловую заяву, у якой выказваюць спачуваньне ў зьвязку з прысудам Аляксандру Казуліну. Таксама й Дзярждэпартамэнт ЗША выдаў тэрміновую заяву з нагоды асуджэньня Аляксандра Казуліна на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. У заяве, падпісанай прадстаўніком Дзярждэпартамэнту Шынам Макормакам, асуджаецца рашэньне суду. Судовы працэс называецца цалкам палітычна матываваным і распрацаваным з мэтай пакараць Казуліна за яго палітычныя погляды. Урад ЗША працягне крокі па ўвядзеньні адпаведных санкцыяў супраць тых, хто адказвае за парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі. Ня выключана, што справа Аляксандра Казуліна будзе абмяркоўвацца на саміце Вялікае васьмёркі, які ў суботу, 15 ліпеня пачынаецца ў Санкт-Пецярбурзе.
Караліна Русіновіч