• “Сухі закон” у Беларусі
  • 22.07.2006

МУС Беларусі распрацавала праект дэкрэту прэзыдэнта, накіраваны на дэалькагалізацыю насельніцтва. Сярод мэтадаў барацьбы з алькаголем – між іншым, больш жорсткія пакараньні за спажываньне сьпіртовых напояў у публічных месцах, увядзеньне адміністратыўнай адказнасьці за продаж піва непаўнагадовым і абмежаваньне рэклямы.
Прадстаўнікі міністэрства лічаць, што новы “сухі закон” – як ужо журналісты пасьпелі назвалі праект дэкрэту – дапаможа панізіць колькасьць злачынстваў, асабліва забойстваў, зьдзейсьненых у нецьвярозым выглядзе.

Скептычна да ідэі “сухога закону” адносіцца лекар-нарколяг Ленінскага раёну Менску Анна Рамашка.

А.Рамашка: Некалькі разоў у нас ужо ўводзіўся такі закон, і, як правіла, алькагалізацыя грамадзтва тады павышалася. Немагчыма схіліць насельніцтва абмежаваць спажываць алькаголь вось такімі мэтадамі, паколькі забаронены плод заўсёды салодкі. Калі забараняць, то людзям тым больш будзе хацецца выпіць. Але тады будуць піць не якасныя сьпіртовыя напоі з крамы, а розныя сурагаты, сьпіртовыя вадкасьці. Паявіцца шмат атручаньняў, а нават сьмяротных выпадкаў. Так што забаронай немагчыма вырашыць гэтую праблему. Неабходма весьці асьветніцкую дзейнасьць.
Зразумела, выпіўка гэта прыватная справа кожнага чалавека, але, на маю думку, у шчасьлівым грамадзтве ня будзе вялікай колькасьці алькаголікаў. У нас зусім іншы, чым на Захадзе, падыход да вырашэньня праблем. Там, калі нешта здарыцца, і чалавек сам ня можа знайсьці выйсьце з сытуацыі, то бяжыць да псыхааналітыка, а наш чалавек у такім жа стане купіць бутэльку й пойдзе да сябра пагаварыць "па душах". Зразумела, такую размову таксама можна назваць свайго роду псыхааналізам, але ў чалавека павінна быць магчымасьць зрабіць гэта без бутэлькі гарэлкі.

Будучы лекарам-нарколягам, я магу з поўнай адказнасьцю сказаць, што алькагалізацыя насельніцтва ў нас выглядае ўсё горш. І нельга вылечыць хворага чалавека, калі забароніш яму піць. Некалькі разоў у нас спрабавалі ўвесьці “сухі закон», але заканчвалася гэта вельмі сумна.

Немагчыма вылечыць алькаголікаў толькі адміністратыўнымі мэтадамі, альбо толькі пры дапамозе лекаў – гаворыць Анна Рамашка. Неабходна праводзіць зь імі тлумачальную працу, псыхааналіз.

А.Рамашка: Самыя эфэктыўныя мэтады лячэньня – гэта не мэдыкамэнты, а зноў жа псыхатэрапэўтычнае лячэньне. Для алькагольнай хваробы патрэбны адпаведны грунт, гэта цэлы комплекс псыхічных сымптомаў. Пры дапамозе адных толькі мэдыкамэнтаў можна часова дапамагчы пацыенту адмовіцца ад сьпіртовых напояў, але пазьней ён да іх вернецца, паколькі алькагалізм – гэта хранічная хвароба. І толькі тлумачальная праца з хворым, псыхатэрапія зможа паўстрымаць яго ад алькаголю.

Так мяркуе лекар, а што пра “сухі закон” думаюць прадстаўнікі супрацьлеглага боку – тыя, хто некалі сам меў праблемы са спажываньнем алькаголю? Мы патэлефанавалі да арганізацыі Ананімных алькаголікаў у Варшаве. Спадарыня Магда – яна адмовілася прадставіцца, сказала, што гэтая арганізацыя прынцыпова не займае афіцыйнай пазыцыі па такога роду пытаньнях, але, на яе асабістую думку, “сухі закон” нічога ня дасьць, паколькі многія краіны спрабавалі яго ўводзіць, а вынікі былі адмоўныя.

Магда: Арганізацыя ананімных алькаголікаў адмаўляецца даваць камэнтар па такіх пытаньнях, але маё прыватнае стаўленьне такое, што “сухі закон” неэфэктыўны, бо некаторыя краіны спрабавалі гэта рабіць, і нічога ня выйшла.

Псыхіятар Ігар Сарокін ставіцца менш катэгарычна да такіх адміністратыўных мэтадаў змаганьня з алькагалізацыяй насельніцтва. На ягоную думку, некаторы вопыт замежных краін па абмежаваньні распаўсюджваньня алькагольных напояў варта пераймаць.

І.Сарокін: У савецкія часы некалькі разоў спрабавалі ўвесьці “сухі закон”. Тут усё складана. Калі б дзяржаве не былі патрэбныя гэтыя “п’яныя” грошы, можа яна з большай руплівасьцю нешта б рабіла. Але трэба папаўняць дзяржаўную скарбніцу. Але вось фіны ж трымаюцца са сваім “сухім законам”.

Безумоўна, калі б пытаньне разглядалася з пазыцыі здароўя нацыі, варта было б увесьці такі закон. Здароўе нацыі палепшылася б, бо чым цяжэй здабыць сродак, які навукова называецца псыхаактыўным рэчывам, тым менш людзей, якія прыкладаюцца да яго. Каб было менш алькаголікаў, трэба жорстка забараніць спажываньне. Апроч гэтага, важная прапаганда здаровага ладу жыцьця. Але самае важнае – зрабіць гарэлку недасягальнай – па коштах, альбо па нейкіх іншых парамэтрах.

Існуе сярэднестатыстычны паказчык абсалютнага ўжываньня алькаголю на душу насельніцтва ў літрах. У Беларусі на аднаго чалавека абсалютнага алькаголю прыходзіцца каля 9 літраў. А Сусьветная арганізацыя аховы здароўя бясьпечным лічыць паказчык, які не перавышае 2 літраў.


Натальля Грышкевіч