- Анкеты для сяброў дэмсілаў
- 31.07.2006
Аб`яднаная кааліцыя дэмакратычных сілаў пастанавіла правесьці пісьмовае апытаньне ўдзельнікаў Кангрэсу з 2005 году. Такое рашэньне было прынятае на Палітрадзе, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў Менску. Ініцыятарам анкетнага апытаньня зьяўляецца старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які таксама дамагаецца рэарганізацыі палітычнай кааліцыі. А каб гэта зрабіць, неабходна склікаць сёлетні Кангрэс.
Пра свае прапановы адносна рэарганізацыі кааліцыі ў інрэвію для Радыё Палёнія распавядае Анатоль Лябедзька.
Лябедзька:Прапанова датычыць падключэньня да агульнай дускусіі абмеркаваньня сытуацыі людзей, якія прымалі ўдзел у Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Я лічу, што гэта абсалютна правільны падыход. Мы павінны пашыраць гэтую пляцоўку, дзе ідзе дыскусія, і трэба прыцягваць людзей да гэтай працы. Добра, калі прымаюць рашэньне 10 ці 12 чалавек. Але лепш, калі гэтыя рашэньні будуць асноўвацца яшчэ на падмурку пазыцыяў і думак актыўных людзей з рэгіёнаў, якія прадстаўляюць розныя палітычныя арганізацыі, грамадзкія арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў выбарчых і іншых палітычных кампаніях. Што прапануецца? Па-першае, мы прапануем зрабіць невялікую сацыялёгію, як самі ўдзельнікі Кангрэсу прымалі ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Якія іх адносіны да таго, што павінна быць прыярытэтам? Гэта дапаможа нам сканцэнтраваць нашыя рэсурсы й высілкі на тым, што зьяўляецца галоўным, а не другасным. Ну й таксама вызначыць месца самога Кангрэсу. Што гэта: ці гэта аднаразовае мерапрыемства, ці гэта вышэйшы прадстаўнічы ворган усіх прыхільнікаў пераменаў? Праект гэтай анкеты мы літаральна сёньня – заўтра высылаем усім сябрам Палітычнае рады, і калі будуць нейкія прапановы, дадаткі, мы іх улічым і будзем рассылаць пасьля гэтага ўдзельнікам Кангрэсу.
Што датычыць Кангрэсу, то спадар Мілінкевіч супраць. Чаму ён ня хоча Кангрэсу?
Лябедзька:: Здаецца, што пазыцыя мяняецца. Ужо ніхто не гаворыць, што ён супраць. Шкада, што прайшло 4 месяцы, і мы не правялі Кангрэсу. Пасьля такога мерапрыемства, як прэзыдэнцкая кампанія, трэба было сабраць зноў гэтых людзей разам, падвесьці вынікі. Трэба было вельмі выразна сказаць, што гэтая кампанія ня мае юрыдычных, прававых наступстваў. І толькі Кангрэс мог сказаць моцна, таму што ўсе прымалі мы нейкія заявы, паасобку гаварылі, што гэтая кампанія нелегітымная.
Гэта рабілі партыі, гэта рабілі грамадзкія арганізацыі, але Кангрэс – гэта найбольш легітымная пляцоўка, і яго голас у легітымізацыі таго, што адбылося, прагучаў бы найбольш моцна. Трэба было б легітымізаваць стратэгію й тактыку дзеяньня апазыцыйных сілаў. Калі б гэта зрабіў Кангрэс, то гэта таксама было б больш моцна й здымала б шматлікія дыскусійныя пытаньні. На жаль, гэта не было зроблена. Зараз усе гавораць, што яны ня супраць Кангрэсу. Толькі праводзіць яго трэба пазьней, альбо праводзіць па тэме ў зьвязку з мажлівай пагрозай для сувэрэнітэту. Гучаць галасы, што трэба было б вызначыць стратэгію выбарчай кампаніі на мясьцовыя выбары й прыняць. Сёньня ўжо адназначна ніхто не гаворыць, што не. Я думаю, што гэта якраз вынік той дыскусіі, якая ішла ў гэты час. Мы не правялі Кангрэсу, але выказалі сваю пазыцыю па Кангрэсе.
Першы Кангрэс аб`яднаных дэмакратычных сілаў адбыўся ў 2005 годзе. Ці ён прынёс спадзяваны плён?
Лябедзька::Сытуацыя, канешне, непараўнальная. Той Кангрэс прымаў рашэньне ў зьвязку з прэзыдэнцкай кампаніяй. Мы ня хочам працягваць папярэдні досьвед. Калі прайшла кампанія й мы яе зачынілі, людзі, якія прымалі ўдзел, як галоўныя кандыдаты, яны сыходзілі з палітыкі. А мы не зьвярталіся да досьведу нэгатыўнага ці пазытыўнага. Мы прапануем іншы падыход. Ня трэба ўвесь час перакрэсьліваць таго, што было. Патрэбная нейкая пераемнасьць. І каб гэтая пераемнасьць была,
патрэбная нейкая інстытуцыя, якая б яе трымала й працягвала далей. Гэта б мог зрабіць Кангрэс. Трэба, каб не былі рваныя Кангрэсы: Кангрэс па той тэме, ці іншай. Трэба, каб Кангрэсы падтрымлівалі і сам працэс, і працавалі на вынік.
Да прапановы лідэра АГП далучыліся камуністы й Беларуская партыя працы. На працягу двух тыдняў будуць разгледжаныя ўсе паступіўшыя прапановы й падрыхтаваныя неабходныя дакумэнты.
Караліна Русіновіч