- Беларусы хочуць зьехаць жыць за мяжу
- 01.08.2006
Сацыёлягі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў спрабавалі дасьледаваць, шляхом апытаньня, узровень патрыятызму беларусаў. На пытаньне "Ці хацелі б Вы пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, калі б у Вас была такая магчымасьць?”, каля адной трэцяй беларусаў адказалі, што зрабілі б гэта.”
Найбольшы адсотак жадаючых пакінуць Беларусь сярод маладых людзей, якія яшчэ вучацца - аж 60%. Што цікава, зьехаць з краіны хацела б больш жыхароў абласных цэнтраў і сяла - каля 38 адсоткаў, чым менчукоў - толькі 24,5%.
Як кажа намесьнік старшыні НІСЭПД Аляксандар Сасноў, такая тэндэнцыя, што зь Беларусі хочуць зьехаць маладыя людзі, назіраецца ўжо ня першы год.
А.Сасноў: Гэта гаворыць аб тым, што калі б былі магчымасьці, то яны б зьехалі, бо тут іх не задавальняе актуальная сытуацыя. Сумна тое, што шмат маладых людзей хоча зьехаць. Гэта мы ўжо назіраем больш за 10 гадоў. Ва ўсіх апытаньнях 60-80% людзей да 30 гадоў хацела выехаць.
Цяпер крышку менш. Можа частка ўжо выехала. Многія маладыя, больш сучасныя людзі ня могуць жыць ва ўмовах падаўленьня чалавечай годнасьці. А беларуская дзяржава ўсё робіць дзеля таго, каб нашым жыцьцём кіраваў чыноўнік, бюракрат. Але вы ж ведаеце, колькі беларусаў працуе за мяжою, і ня толькі на Захадзе. Шмат беларусаў працуе ў Расеі, яны там людзі другога гатунку. Колькі разоў я чытаў, што ім ня плацяць за працу, яны судзяцца, шукаюць праўды.
Калі апытаным задалі пытаньне, у якую краіну яны хацелі б пераехаць жыць на пастаяннае месца жыхарства, 11,4% выбралі Нямеччыну, 7,2% - ЗША, 5% - Польшчу, каля 4% - Расею і каля 3% - Прыбалтыку. Так што найбольш прываблівыя для жыцьця, з выключэньнем ЗША, суседнія краіны. Дарэчы, нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо людзі баяцца таго, што цалкам невядомае.
А як жывецца беларусу ў Польшчы, ці лёгкае гэта жыцьцё - такое пытаньне мы задалі вядомаму беларускаму пісьменьніку зь Беласточчыны Сакрату Яновічу. Ён гаворыць, што ў Польшчы найбольш прываблівае беларусаў адносная свабода жыцьця й перамяшчэньня.
С.Яновіч: За грошы амаль усё можаш мець, ніхто да цябе не прычэпіцца, калі крычыш, што прэзыдэнт табе не падабаецца. З Польшчы вельмі лёгка таксама выехаць за мяжу, бо ня трэба мець візаў.
У нас назіраецца значны нацыяналізм, але гэта нацыяналізм савецкі. Саветы пакінулі пасьля сябе чорную легенду. Расея, па сваёй сутнасьці, ніколі не разьвівалася, яна толькі пашыралася. Расейцы не прызнаюць ніякіх народаў, акрамя, можа, немцаў ці амэрыканцаў. Нейкія палякі ці беларусы - ерунда какая то. Усходняя Эўропа адсталая ад заходняй дзесьці на 200 гадоў. Кожны думае так: жыву адзін раз, трэба бегчы туды, дзе можна зарабіць і дзе грошы маюць значэньне. Ад тысячы гадоў так было - з Усходу ўцякалі на Захад.
Натальля Грышкевіч