- Пляны па зьнішчэньні помнікаў архітэктуры ў Горадні
- 04.08.2006
Лёс менскай Нямігі чакае адзін з гістарычных помнікаў Горадні. У сувязі з будаўніцтвам магістралі па лініі ракі Гараднічанкі будуць цалкам зьнішчаныя два старыя кварталы паміж вуліцамі Астроўскага, Горкага і 17-га верасьня ў раёне Новы Сьвет. Гэты раён быў збудаваны на пачатку мінулага стагодзьдзя ў стылі канструктывізму, прыклады якога ўжо не захаваліся ў Беларусі. А рака Гараднічанка, згодна з рашэньнем гарадзкіх уладаў, будзе ўзятая ў калектарную трубу. Плянуецца, што першыя працы распачнуцца ўжо ў гэтым месяцы.
У гэтым годзе ў Горадні ўжо праводзілася рэканструкцыя гістарычнага цэнтру гораду- Савецкай плошчы. Насуперак шматлікім пратэстам гарадзенскай супольнасьці гарадзкія ўлады не адмовіліся ад перабудовы былой Рынкавай плошчы.
Чарговым крокам у рэканструкцыі цэнтру Горадні мае быць зьнішчэньне так званага Новага Сьвету, старых дамоў у стылі канструктывізму, якія разьмясьціліся ў двух кварталах паміж вуліцамі Горкага ды Віленскай.
У гэтым годзе ёсьць праект па зносе 9 дамоў. У наступным годзе чакаецца зьнішчэньне больш за дзесятак, сярод якіх ёсьць і цагляныя дамы пачатку 20 ст. На месцы зьнесеных кварталаў плянуецца збудаваць турыстычна-спартыўны комплекс ды пашырыць вуліцу Горкага, каб зрабіць больш зручным рух транспарту. Аднак ідэя дарогі праз цэнтр гораду не заслугоўвае асаблівай пашаны, паколькі ва ўсім сьвеце гістарычныя цэнтры ахоўваюцца дзяржавай і пазьбягаецца любое ўмяшальніцтва ў архітэктурны комлекс. Пакуль працэс спыніўся, бо няма грошай, каб выдзяліць кватэры для людзей, якія зараз пражываюць у дамах на Новым Сьвеце.
Пра ўзьнікненьне ды гістарычнае значэньне будынкаў на вуліцы Горкага распавядае Андрэй Вашкевіч, гісторык, супрацоўнік Акадэміі Навук Беларусі.
А. Вашкевіч: Тая частка Горадні, якая называецца Новы Сьвет, узьнікла ў 20-30 гады XX ст. Сяліліся там пераважна заможныя гараджане. Гэта быў раён асабнякоў, якія сталі таксама адметнасьцю нашага гораду. Там былі не толькі асабнякі, але й звычайныя дамы сялянскага ўзору. Але галоўную каштоўнасьць кварталаў Новага Сьвету ўяўляюць будынкі, збудаваныя ў стылі канструктывізму. Гэта архітэктурны стыль, які існаваў у пачатку першай паловы 20 ст. Асабліва распаўсюджаны ён быў ў Заходняй Эўропе, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі. Такіх асабнякоў канструктывізму на тэрыторыі Беларусі вельмі мала, асабліва ў стылі клясычнага эўрапейскага канструктывізму. А дамы, пабудаваныя з дрэва, зьяўляюцца ўнікальнымі помнікамі для ўсёй Эўропы. Яны захаваліся толькі ў Беларусі. Гэта вельмі цікавая рыса: уплыў заходне-эўрапейскага архітэктурнага стылю й мясцовы матэрыял, зусім незвычайны для індустрыяльнай эпохі.
Гарадзенскія дзеячы ўжо накіравалі мноства лістоў мясцовым уладам з просьбай захаваць кварталы Новага Сьвету. Адказу на іх заявы пакуль няма. Аднак да працы падключыліся й менскія арганізацыі. Вольга Чайчыц, чалец гісторыка-краязнаўчага таварыства “Этна”, распавяла, што яе арганізацыя прапанавала свой плян аб’яздной дарогі. Пакуль улады адмаўляюцца ад гэтага пляну, аднак ня выключана, што на чаргавой сэсіі Міністэрства культуры, якая пройдзе ў верасьні, адпаведнае рашэньне будзе прынятае.
В. Чайчыц: Празь гістарычны цэнтар хочуць пракласьці дарогу й правесьці яе каля пажарнай каланчы, сынагогі, двух замкаў. Мы хочам таго, каб была аб’яздная дарога, і гэта цалкам рэальна. Інстытут горадабудаўніцтва падтрымлівае зусім іншую дарогу, якая зацьверджаная згодна са стратэгіяй генэральнага пляна, ён дае магчымасьць разгрузіць ад транспарту гістарычны цэнтар. Яны сваю дарогу праз Гараднічанку па вул. Давыда Гарадзенскага называюць аб’яздной, хаця насамрэч яна йдзе праз самыя значныя помнікі. Мясцовым уладам пісалі гарадзенскія навукоўцы, краязнаўцы, гісторыкі, а ўлада ніяк на гэта не рэагавала. А зараз у Міністэрства культуры прыйшлі лісты ад гісторыка-краязнаўчага таварыства "Этна", ад фонду Беларускай культуры ад Унівэрсытэту культуры, каб склікаць Раду ды вырашыць гэтае пытаньне па-іншаму.
Учора Вольга сустракалася з прадстаўніком арганізацыі ЮНЭСКА, які падцьвердзіў, што арганізацыя накіруе спэцыяльны ліст у абароне гістарычных помнікаў.
Вядомы беларускі гісторык Алесь Смалянчук лічыць, што вырашыць праблему можна й іншым шляхам, для гэтага неабавязкова зьнішчаць цэлы квартал.
А. Смалянчук: Горадня - гэта ўнівэрсальны горад. Яна неяк лягчэй, чым іншыя беларускія гарады, перажыла дзьве сусветныя вайны. Савецкая ўлада была тут на 20 гадоў меньш, чым у цэнтральна-усходняй Беларусі. Цэнтр Новы Сьвет быў забудаваны пераважна ў 20-30 гады, многія дамы ў стылі канструктывізму, якіх захавалася вельмі мала. Сапраўды, яны састарэлі, можа людзям не заўсёды выгадна ў іх жыць. Але зьнішчэньне ўсяго й будаўніцтва спартыўнага комплексу- гэта не вырашэньне канфлікту. Можна здаваць гэтыя дамы ў арэнду фірмам, гэта ўсё ж цэнтар гораду. Бо размова йдзе пра тое, каб захаваць унікальнасьць Горадні. Сёньня Горадню робяць падобнаю да зьнішчаных і адбудаваных саветамі Магілёву й Менску. І горад, як гісторыка-культурны фэномэн, пачынае зьнікаць. Найперш пацярпела Савецкая плошча, а зараз бяруцца й за іншае. Такое ўражаньне, што людзі, якія сядзяць ў абласным кіраўніцтве, абсалютна чужыя для Горадні ды чужыя наогул для Беларусі.
Шмат хто з гарадзенцаў лічыць, што абласное начальства адмаўляецца ад альтэрнатыўнага пляну дарогі ў сувязі з тым, што, паводле яго, дарога праходзіла б каля катэджаў чыноўнікаў, што разьмясьціліся на ўзьбярэжжы Нёмана.
Дзьмітры Гурневіч