- Сіла дакумэнтальнай прапаганды
- 07.08.2006
"Выхад працаўнікоў з фабрыкі”- гэта назва першай у сьвеце кінастужкі, якую паказалі браты Люм’ер 28 сьнежня 1895 году.
Ідэя братоў Люм’ер была даволі простая - упрыгожыць жыцьцё звычайных людзей. Бо менавіта працаўнікі шматлікіх мануфактураў й заводаў былі пастаяннымі наведвальнікамі кінасэансаў.
Вельмі хутка аказалася, што кіно можна выкарыстоўваць з іншаю мэтаю. Напрыклад, прапаганды ў дакумэнтальных фільмах. І хоць ад першага кінасэансу прайшло шмат часу й кінатэхналёгія развіваецца з кожным днем, прапаганда застаецца тая ж самая. Спачатку была прапаганда ваенная, пасьля савецкая, а на сёньняшні дзень, можна сьмела сказаць, палітычная.
Прапаганда зьяўляецца альтэрнатывай для свабоднай інфармацыі, -мяркуе кінарэжысэр Віктар Дашук.
Дашук: Такая прапаганда, я маю на ўвазе савецкую прапаганду, замбіруе людзей і робіць іх проста няшчаснымі. Таму, што людзі й так не дасканалыя, а калі іх яшчэ замбіруюць, то яны ўвогуле ператвараюцца ў духоўна-скалечаных людзей. Гэта галоўная мэта палітыкаў - уводзіць у жыцьцё нейкія ідэі. Але гэтыя ідэі не павінны замяняцца ў замбіраваньне. Гэта наступства таго, што няма свабоды інфармацыі. Калі ёсьць свабода інфармацыі, то чалавек сам арыентуецца ў розных справах. А калі няма свабоды слова, то паяўляецца прапаганда.
Дарэчы, якія наступству можа мець прапаганда, выкарыстаная ў тэлевізыі, асабіста пераканаўся былы латвійскі дыплямат ў Менску Рэймо Шмітс.
30 ліпеня першы канал беларускай тэлевізіі ў праграме „У цэнтры ўвагі” паказаў сюжэт, дзе былі выкарыстаныя парнаграфічныя кадры нібыта з удзелам дыплямата, а таксама паведамлялася, што ў ягонай кватэры былі знойдзеныя касеты з порнафільмамі. У адказ на гэта латвійскія СМІ падалі інфармацыю кіраўніка бюро ўнутранае бясьпекі МЗС Латвіі Угіса Улманіса, што ў кватэры дыплямата былі канфіскаваныя не порнакасэты, а відэазапісы выпускаў навінаў беларускай тэлевізыі з 2000 году. Цяжка высьветліць, дзе ляжыць праўда.
Таксама й учора вышэй узгаданая перадача распавядала пра лёсы рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, якія выехалі ў Польшчу ў рамках стыпэндыі польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага. Вядучы вельмі шкадаваў бедных студэнтаў, якія апынуліся на чужыне амаль без сродкаў на існаваньне. Гаворка вялася пра жудасныя варункі пражываньня ды пра тое, што некаторыя зь іх вярнуліся дамоў. Вось толькі, ніхто зь вярнуўшыхся, для паўнаты карціны, чамусьці не распавёў перад камэрай пра свой цяжкі лёс у Польшчы. А шкада, бо аб`ектыўны рэпартаж патрабуе камэнтару ўсіх зацікаўленых бакоў. А можа, аўтары перадачы „У цэнтры ўвагі” проста пра гэта ня ведаюць?
Караліна Русіновіч