- Цяжкі стан галадоўніцы ў Берасьці
- 08.08.2006
Больш за месяц трывае галадоўка берасьцейскіх прадпрымальнікаў, якія не пагаджаюцца з пастановаю прэзыдэнта нумар 140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў у камэрцыйных мэтах. Пратэст выклікае тая дэталь закону, што ён датычыць таксама аўтамабіляў, якія былі ўвезеныя ў Беларусь да прыняцьця закону. Адна з галадоўніц, Любоў Разановіч, якая цягам тыдня трымае сухую галадоўку, сёньня была дастаўленая ў шпіталь.
2 жніўня Любоў Разановіч зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім заклікала прадухіліць чалавечую трагедыю і папрасіла дапамагчы. Аднак адказу на яе зварот да прэзыдэнта так і не было. Сёньня а 10 гадзіне раніцы павінна была адбыцца сустрэча галадоўнікаў з намесьнікам старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхалам Юхімуком, аднак сустрэча была перанесеная на 16 гадзіну.
У дадзены момант у галадоўцы прыймаюць удзел 15 чалавек, зь якімі штодня кантактуюцца мясцовыя ўлады. Аднак вырашыць праблему на лякальным узроўні наўрад ці магчыма, бо гаворка ёдзе пра адмену дзеяньня закону задняю датаю.
Сытуацыю камэнтуе берасьцейскі актывіст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Ўладзімер Вялічкін.
У. Вялічкін: “Гэта не ў кампэтэнцыі берасьцейкіх уладаў, але гэтыя ўлады нічога не робяць каб хоць нешта паправіць у гэтым законе, хаця гэта іхні абавязак. Чаму б не зрабіць нейкія высновы або рэкамэндацыі па выніках дзеяньня гэтага закону й не перадаць вышэйшаму начальстваму? Але яны гэтым не займаюцца. Магчыма, баяцца дрэнна выглядаць. Бо той, хто ня ўтойвае сваёй думкі, не знаходзіцца ў пашане лідэра нашай дзяржавы.”
Вялічкін лічыць, што галадоўка нават карысная мясцовым уладам, паколькі ў выніку найгоршага варянту галадоўкі зьмяншаецца колькасьць незадаволеных у грамадзтве.
У. Вялічкін: “Дзеючая ўлада зацікаўленая ў розных галадоўках, паколькі чым больш апазыцыянераў памрэ, тым прасьцей ім будзе жыць у будучыні. А на дадатак маюць апраўданьне: захацеў і памёр. У нас улада вельмі цынічная. Для ўладаў гэта бальзам на душу, не трэба самім з намі разьбірацца. ”
Галіна Ўласік з аб’яднаньня “Праваабарончы альянс” сумняецца, што галадоўнікі змогуць дабіцца сваіх патрабаваньняў дзякуючы акцыі пратэсту.
Г. Уласік: ”Я лічу, што наўрад ці ў іх атрымаецца дамагчыся таго, чаго яны
хочуць. Ва ўсялякім разе калі ў іх нешта атрымаецца, гэта будзе прэцэдэнс. Улады Берасьця на гэта ня пойдуць. Магчыма, пэўныя саступкі будуць, але не кардынальныя. Можа, выплаты а здтэрміноўкай, або нешта падобнае, частковае пагашэньне запазычанасьцяў. Але ад аплаты іх не вызваляць. Гэтай галадоўкай яны наўрад ці нешта здабудуць, а толькі сапсуюць здароўе.”
А тым часам берасьцейскія лекары ацэньваюць стан здароўя Любові Разановіч як цяжкі. Дактары распачалі паступова выводзіць яе з галадоўкі, а сама Любоў Разановіч заявіла, што мусіць скончыць акцыю пратэсту.
Дзьмітры Гурневіч