- Аляксандру Надсану – 80 !
- 08.08.2006
8 жніўня сьвяткуе свой 80-ці гадовы юбілей айцец Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктар Беларускай бібліятэкі й музею імя Францішка Скарыны ў Лёндане, сябра Рады Згуртаваньня беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Вось што сказаў сам юбіляр наконт свайго жыцьця:
A. Надсан: “Дзякуй Богу за тое, што ўдалося зрабіць за 80 гадоў. Вось і цяпер маю двух маладых людзей, якія прыходзяць да сьвятарства. Будзе нехта, хто будзе працягваць нашу працу. Нічога не шукаў адмыслова, справы самі мяне знаходзілі. Выконваў свае абавязкі, як жыцьцё патрабавала. Па-рознаму давялося. Дзякуй Богу за жыцьцёвы шлях, за сьвятарства, за тое, што я беларус. А калі што ўдалося зрабіць, тым лепш. Зараз у Беларусі цяжкі час, але, думаю, Бог дасьць лепшую долю.”
У. Арлоў: “Я ня сустракаў іншага сьвятара, які б так адпавядаў свайму сьвятарскаму чыну. Нідзе ня адчуваў сябе так блізка да Бога, як у грэка-каталіцкай беларускай царкве сьвятых апосталаў Пятра й Паўла ў Лёндане, дзе ўжо шмат гадоў служыць айцец Аляксандар. Дзякуючы візытам айца Аляксандра, якія пачаліся з канца 80-х гадоў, у значнай ступені адрадзілася гвалтоўна перапыненая традыцыя грэка-каталіцкай царквы на беларускіх землях. Але Аляксандар Надсан для мяне адзін ў некалькіх іпастасях. Апроч іншага, ён выдатны гісторык, дасьльедчык. Я ведаю, што ён працуе над гісторыяй уніяцкай царквы. І чакаю, што айцец Надсан напіша мэмуары, бо ён увасабляе цэлую эпоху.”
Падарункам да юбілею айца Аляксандра Надсана будзе кніга навуковых артыкулаў, аўтарам аднаго зь якіх зьяўляецца Сяргей Дубавец.
C. Дубавец: “Ёсьць традыцыя ўшаноўваць вялікіх навукоўцаў юбілейнымі зборнікамі. Зборнік не пра асобу, у ім знаходзяцца артыкулы, якія зьяўляюцца звычайна новым словам у навуцы, літаратуры. Выходзіць такі зборнік і ў гонар айца Надсана. Артыкулы будуць у тых галінах гуманістыкі, у якіх ён працаваў усё жыцьцё. Беларусыстыка, багаслоў’е, гісторыя. Я напісаў эсэ, прысьвечанае Чарнобылю. Айцец Надсан шмат зрабіў для дапамогі ахвярам гэтай трагедыі. Арганізаваў шмат канвояў з гуманітарнай дапамогай.”
Жадаем айцу Надсану здароў’я, а таксама Божай апекі й ласкі на доўгія гады.