• "Arche" - цагліна беларускага дому
  • 17.08.2006
На працягу 8 гадоў у Менску выдаецца элітарны беларускі часопіс “Архэ”, што з грэцкай мовы перакладаецца як “першапачатак”. Выданьне, дзякуючы супрацоўніцтву з найлепшымі беларускімі й замежнымі адмыслоўцамі, зьяўляецца бясспрэчным лідэрам незалежнага выдавецкага рынку краіны. “Архэ”- гэта часопіс для тых, хто хоча жыць па-свойму й гаворыць па-свойму.

Ад выданьня першага нумару, які тады яшчэ выдаваўся афіцыйна, мінула 8 гaдoў. За гэты час было выдадзена 48 нумараў рознай тэматыкі: ад парнаграфіі, Лукашэнкі да мэдыцыны ды віленскага, украінскага, расейскага нумароў. Можна сьмела сказаць, што “Архэ” не цураецца любой тэматыкі. Аўтары часопісу – гэта найлепшыя беларускія спэцыялісты ў галіне паліталёгіі, літаратуры, гісторыі ды рэлігіі, такія як Віталь Сіліцкі, Андрэй Хадановіч, Генадзь Сагановіч, дамініканін Пётра Рудкоўскі. Акрамя беларускіх аўтараў у кожным нумары “Архэ” зьмяшчаюцца артыкулы замежных аналітыкаў - Любаша Вэсэлага, Рышарда Капусьцінскага, Эндру Ўілсана.

У першым нумары “Архэ” заснавальнік часопісу Андрэй Дынько напісаў: “Архэ” будзе часопісам вольнае народнае думкі, каб асэнсоўваць беларускую сусьветную рэчаіснасьць як у мастацкім і філязафічным, так і ў палітычным сэнсе. Мы з асьцярогай ставімся да любыx праяваў інтэлэктуальнага і мастацкага снабізму, баючыся ілюзіі, самападману."

Сёньня Дынько распавядае, як ўдалося рэалізаваць колішнія пастановы.

А. Дынько: Дагэтуль у Беларусі не было незалежных інтэлектуальных рэгулярных часопісаў. Гэта быў першы. Мы яго пачалі выпускаць яшчэ тады, калі не было ў галаве, што лукашэнкаўцы сагнуць у "барані рог" усю інтэлектуальную пэрыёдыку, што будзе поўная цэнзура. Мы нават трохі апярэдзілі свой час, пасьля за намі пайшлі іншыя. Проста мы заснавалі гэта ў адпаведны час. Цяпер шмат што залежыць ад стойкасьці выдаўцоў, рэдактараў, аўтараў. Бо незалежнае грамадзтва складаецца зь ініцыятываў, калі людзі ня йдуць на паклон да ўладаў, а імкнуцца рабіць гэтыя рэчы самі. Такіх прыкладаў у гісторыі беларускай нацыі не было аж так шмат, а цяпер такі ўнікальны час і момант, калі мы гэта робім і побач з намі гэта робяць сотні людзей. Кожны нумар “Архэ” - гэта такая цаглінка, якая кладзецца ў сьцяну беларускага дому.

На дадзены момант наклад “Архэ” складае каля тысячы асобнікаў. Паводле словаў рэдактара часопісу Валерыя Булгакава, улічваючы паўпадпольныя ўмовы, ў якіх выходзіць выданьне, а таксама агульную сытуацыю ў краіне, якая не спрыяе разьвіцьцю нацыянальнага кнігадрукаваньня, такі наклад зьяўляецца досыць высокім, нават параўноўваць да часопісаў падобнага кшталту ў той жа Польшчы. Рэдактар распавёў пра галоўны, на яго думку, фэномэн выданьня.

В. Булгакаў: Ёсьць момант разрыву з ранейшай савецкай часопіснай прадукцыяй. Фэномэн “Архэ” палягае ў тым, што гэты часопіс бадай ўпершыню ў пасьлясавецкі час быў зроблены не па савецкіх стандартах, а па заходніх. Ён робіцца на ўзор заходняй інтэлектуалістыкі. Такі разварот у бок рэгулярнага выхаду, адначасова з прыцягненьнем заходніх мадэляў інтэлектуальнага часопісу, які сябе добра зарэкамэндаваў і ставарыў вакол “Архэ” пэўную пазытыўную атмасфэру.

Рэдактар распавёў таксама й пра тэматычныя асаблівасьці ды структуру часопісу.

В. Булгакаў: Тэматычна гэта праяўляецца ў тым, што мы праграмна адмаўляемся друкаваць вялікія порцыі літаратуры, зьвяртаем увагу на бягучыя падзеі, аналіз. У адрозьненьні ад стандартнага беларускага часопісу, у нас ёсьць шмат рэцэнзіяў, аглядаў, а гэта значыць, часопіс хоча прарваць у ідэалягічным рэжыме. Ня проста манатонна сьцьвярджаць нейкія вартасьці, а сутыкаць людзей з розных інтэлектуальных і палітычных асяродьдзяў. Як ня дзіўна, у палеміках часопісу “Архэ” бралі ўдзел асобы, якія працуюць на сёньняшні лукашэнкаўскі рэжым. Зараз мы робім выпуск, прысьвечаны эўрапейскай ідэнтычнасьці й былы прэм’ер Беларусі Вячаслаў Кебіч, альбо адзін з лукашэнкаўскіх ідэолягаў Сяргей Касьцян не адмовіліся даць нам інтэрвію. Можна сказаць, што гэта частковае прызнаньне з боку лукашэнкаўскага эстаблішмэнту.

Пісьменьнік Адам Глёбус, якому, дарэчы, быў прысьвечаны адмысловы нумар, гаворыць, што галоўная вартасьць „Архэ” - гэта палітычна-аналітычная накіраванасьць тэкстаў вельмі высокай якасьці. Менавіта гэта зьяўляецца галоўнай рысаю выданьня. Ён заўважае, што літаратура, якая друкуецца ў часопісе, зьяўляецца толькі адным з элемэнтаў выданьня, але не галоўнай рысаю.

А. Глёбус: У нас складаная палітычная сытуацыя й альтэрнатыўныя думкі, якія не супадаюць з дзяржаўнымі, ясна, што будуць цікавымі. Тым больш, што ён мае вельмі высокі ўзровень аналітыкі, паліталёгіі, ён паліталягічны часопіс. А літаратура, нават калі там і існуе , то ў якасьці дадатку, ілюстрацыі да нашай сучаснай палітычнай сытуацыі.


На думку шматлікіх адмыслоўцаў “Архэ”- гэта больш, чым часопіс. Гэта асяродьдзе, ў якім фармуецца беларуская незалежная думка, дзе адлюстраваныя найноўшыя ідэі беларускіх, а таксама замежных інтэлектуалаў, пераклады сусьветнавядомых аўтараў.

Дзьмітры Гурневіч