- Беларускія журналісты ў Празе
- 18.08.2006
Днямі ў сталіцы Чэхіі – Празе пачаліся варштаты для маладых журналістаў зь Беларусі. Каб моладзь магла даведацца пра мерапрыемства, супрацоўнікі грамадскага фонду „Людзі ў нядолі” падрыхтавалі падрабязную інфармацыю й далі яе ў інтэрнэт. Жадаючых было даволі шмат, але прыехалі найлепшыя.
Распавядае старшыня фонду „Людзі ў нядолі” Ільля Глыбоўскі.
І. Глыбоўскі: Галоўным арганізатарам гэтых курсаў зьяўляецца арганізацыя Transitions Online. Яна калісьці выдавала часопіс, прысьвечны падзеям у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе, на сёньняшні дзень яна выдае часопіс у інтэрнэце й непасрэдна займаецца арганізацыяй курсаў для журналістаў.
Ці шмат людзей прыехала зь Беларусі?
І. Глыбоўскі: Каля 20 чалавек, у асноўным гэта маладыя людзі, якія ўжо працуюць журналістамі ў беларускіх мэдыях, альбо цікавяцца журналістыкай і ўжо што-небудзь друкавалі.
Як вы выйшлі на гэтых людзей?
І. Глыбоўскі: Мы распаўсюдзілі інфармацыю ў Беларусі, пераважна на беларускіх сэрвэрах. Гэта зьвесткі пра магчымасьці павышаць кваліфікацыі, праграмы, адрасаваныя да беларусаў у Эўропе й сьвеце. Дзякуючы гэтаму, мы навязалі кантакт з гэтымі людзьмі.
Разумею, што зацікаўленасьць была, а вось непасрэдна ў Чэхіі чым гэтая моладзь займаецца?
І. Глыбоўскі: З таго, што я ведаю, непасрэдна акрамя журналісцкіх рэчаў: як правільна пісаць, як правільна весьці інтэрвію, яны таксама знаёмяцца з сыстэмай масмэдый у Чэскай Рэспубліцы, з чэскім досьведам пераўтварэньняў пасьля 1989 году, а таксама з правіламі журналістыкі ў крызысных сытуацыях, на падставе досьведу зь месцаў нейкіх канфліктаў, ці прыродных катастрофаў. Напрыклад, як гэта было на Балканах падчас войнаў. Таксама знаёмяцца са зьменамі, якія адбыліся ў Чэхіі пасьля аксамітнай рэвалюцыі, як гэта паўплывала на розныя сфэры жыцьця, у першую чаргу на журналістыку.
Скажыце, гэта аднаразовы праект, ці ён у будучыні будзе працягвацца?
І. Глыбоўскі: Пакуль што ён аднаразовы, але па ягоных выніках мы будзем глядзець, ці будзе магчымасьць нешта падобнае зрабіць пазьней.
Варштаты пачаліся 13 жніўня. Цягам месяцу беларускія журналісты, а таксама іхнія калегі з Расеі ды Цэнтральнай Азіі будуць вучыцца журналісцкаму майстэрству. У часе шкаленьня ўсясьветна вядомыя журналісты будуць таксама дзяліцца досьведам з маладымі калегамі.
Караліна Русіновіч