• Скарга ў Вярхоўны суд
  • 21.08.2006
У Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь зьвярнуліся 5 993 асобы з патрабаваньнем прызнаць несапраўднымі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году. Скарга была складзеная адмыслоўцамі паводле ўсіх юрыдычных нормаў, каб зварот ня мог быць адкінуты па фармальных прычынах. Вага пасылкі, якая была дасланая спэцпоштаю, склала 8 кг.

Збор подпісаў пра непрызнаньне вынікаў выбараў быў арганізаваны 23 сакавіка, пасьля таго, як Цэнтрвыбаркам адхіліў патрабаваньні кандыдатаў у прэзыдэнты А. Мілінкевіча ды А. Казуліна не прызнаваць вынікаў галасаваньня.

У заяве, між іншым, сказана: „19 сакавіка закончваюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта Лукашэнкі. З гэтага моманту ў вачах усясьветнай супольнасьці ён будзе зьяўляцца ўзурпатурам, які шляхам фальсыфікацыяў і злоўжываньня паўнамоцтвамі захапіў уладу ва эўрапейскай краіне.

Адзін з ініцыятараў напісаньня скаргі, былы кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Бухвостаў, распавядае пра сэнс скаргі й тлумачыць, чаму заява была пададзена праз 6 месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.


А. Бухвостаў: Звароты грамадзянаў у Вярхоўны суд павінен разгледзіць. Бо якія могуць быць падставы адмовіць скарзе на дзеяньні дзяржаўных установаў. Я не думаю, што гэта позна. Выбары не былі прызнаныя ані двума кандыдатамі, ані назіральнікамі, ані міжнароднай супольнасьцю, але, на жаль, не было адпаведных дзеяньняў, каб правесьці паўторныя выбары ў супрацы зь міжнароднымі арганізацыямі. Такая праца мае быць, і мы зараз яе робім. Мы разумеем, што ўлада не рэагуе ні на што. Мы рэальна глядзім на сытуацыю, але мы павінны скончыць нашую справу да лягічнага завяршэньня. Калі мы нязгодныя, то мы павінны грукаць ва ўсе дзьверы. Першыя дзьверы – гэта Вярхоўны суд, другія дзьверы - гэта міжнародныя арганізацыі. Бо калі б Лукашэнка выйграў гэтыя выбары законна, то не было б гэтых заяваў. Гэтая скарга азначае, што людзі ня вераць. Цэнтрвыбаркам павінен даказаць Вярхоўнаму суду, што выбары адбыліся згодна з выбарчым кодэксам.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч называе скаргу ў Вышэйшы Суд рытульным дзеяньнем. На яго думку, ужо цяпер можна казаць пра адказ з суду.

У. Мацкевіч: Гэта рытуальныя дзеяньні. Нібыта мы прызнаем дзяржаву й таму трэба дзейнічаць так, як прынята ў гэтай дзяржаве. Іншая справа, што мы не прызнаем, напрыклад, кіруючыя інстанцыі ў гэтых інстытутах. І таму, выкарыстоўваючы пабудову сучаснай дзяржавы зь яе разьмежаваньнем уладаў, з гэтымі інстытуцыямі, так і трэба. Калі б гэта была дэмакратычная дзяржава, то ўсё б было добра. А паколькі мы самі кажам, што ў дзяржаве пабудавана аўтырытарная дыктатура, а я й мае калегі называем гэта мэдыя-фашызмам, то, канэшне, такое дзеяньне набывае цалкам рытуальны характар.

Аднак, як лічыць Мацкевіч, перадача скаргі ў міжнародныя інстанцыі мае больш сэнсу, і гэта, бадай, адзіная надзея на непрызнаньне выбараў справядлівымі.

У. Мацкевіч: Гэта правільна. Бо гэта адзіная магчымасьць зьвярнуцца ў ААН. Бо мы не зьяўляемся нават чальцамі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. І ў гэтым сэнсе мы ня маем афіцыйнай магчымасьці зьвярнуцца ў эўрапейскія інстытуцыі. Мы можам зьвярнуцца ў СНД і ААН. Вынікі звароту ў СНД ужо вядомыя, таму што камісія СНД прызнала гэтыя выбары. Там гэта будзе таксама рытуальным дзеяньнем. Што тычыцца ААН, то тут можа быць верагоднасьць нейкага посьпеху. Але гэта бюракратызаваная структура. Такія справы там разглядаюцца гадамі. Я думаю, што нават калі прыйдуць наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, то гэтая справа яшчэ не будзе разгледжаная.

Лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Нагадаю, што згодна з заканадаўствам, суд павінен даць афіцыйны адказ на скіраваную скаргу напрацягу месяца. У выпадку незадавальняючага адказу складальнікі скаргі маюць намер перадаць заяву ў міжнародныя інстытуты, м.ін. у Камітэт па правах чалавека ААН.

Дзьмітры Гурневіч