- Рэфэрэндум па аб'яднаньні Расеі й Беларусі
- 22.08.2006
У мінулыя выходныя ў расейскім горадзе Сочы адбылася нефармальная сустрэча беларускага лідэра з расейскім прэзыдэнтам. На паседжаньні абмяркоўвалася стратэгія агульных дзеяньняў у рамках ЭўраАзэс, а таксама пляны будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Пасьля сустрэчы зьявіліся пагалоскі, што Лукашэнка з Пуціным вызначалі дату правядзеньня рэфэрэндуму па стварэньні Саюзнай дзяржавы.
Прэс-сакратар дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна Іван Макушок заявіў, што паколькі галоўны дакумэнт Саюзнай дзяржавы – Канстытуцыя - ужо гатовы й не выклікае пытаньняў з абодвух бакоў, а ўсе рабочыя пытаньня былі вырашаныя падчас апошняга паседжаньня ЭўраАзэс, бакі распачалі абмеркаваньне даты правядзеньня рэфэрэндуму па стварэньні новага суб’екту, як выразіўся прэс-сакратар.
Афіцыйна не было заяваў лідэраў абедзьвюх краінаў пра ўздыманьне гэтага пытаньня падчас сустрэчы. Аднак, як паведамляе расейская газэта “Жизнь”, пра дату рэфэрэндуму можа быць аб’яўлена ўжо ў верасьні.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што магчымасьць правядзеньня такой акцыі не мае ніякіх падставаў. Ён расцэньвае заявы палітыкаў на гэты конт як звычайныя рэклямныя кампаніі.
А. Лябедзька: Верагоднасьць правядзеньня рэфэрэндуму ў бягучым годзе блізкая нулю. На сёньняшні дзень гэта ў большай ступені палітычны PR, гэта палітычныя кулі, якімі страляюць адзін у аднаго палітыкі, каб дабівацца сваіх мэтаў. Трэба не глядзець, што гаворыць нейкая газэтка "Жизнь", якую ў Расеі ніхто ня ведае, альбо напрыклад на думку Барадзіна, прагноз якога за апошнія 10 год ані разу не споўніўся. Рэфэрэндум магчымы толькі тады, калі Лукашэнка атрымае роўныя з Пуціным правы. Але ў Крамля на сёньняшні дзень такой пазыцыі няма. Яны прапануюць форму: прэзыдэнт Пуцін, віцэ - прэзыдэнт Лукашэнка. Для Лукашэнкі гэта абсалютна непрыймальна, бо гэта закат яго палітычнай кар’еры.
Палітык дадае, што настроі беларускага грамадзтва зараз сьведчаць пра нежаданьне беларусаў аб’ядноўвацца з Расеяй, а Лукашэнка, разумеючы гэта, пачынае зьмяняць сваю рыторыку.
А. Лябедзька: Актуальнасьць правядзеньня рэфэрэндуму была даволі верагоднай 10 гадоў таму.Сёньня па ўсіх сацыялягічных апытаньнях ідэю ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, а іншага рэалістычнага фармату не існуе, падтрымлівае 5% насельніцтва. Ідэя не мае падмурку ў грамадзтве. Невыпадкова А. Лукашэнка апошнюю палітычную кампанію праводзіў пад нашымі лёзунгамі. Тое, за што нам давалі 10-15 сутак арышту, сёньня на білбордах па ўсім Менску. Бо ён ведае, якія рэальныя настроі ў грамадзтве. Людзі за добрыя адносіны з Расеяй, гэта прагматычная пазыцыя, але яны за тое, каб жыць у сваім асобным доме, а не ў камунальнай кватэры.
З думкай Лябедзькі пагаджаецца палітоляг Віктар Марціновіч. Ён дадае, што рэфэрэндум немагчымы ня толькі ў гэтым годзе, але й праз тры гады, альбо наогул, паколькі йснуе верагоднасьць, што праз два гады можа рэзка зьмяніцца палітычны расклад пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.
В. Марціновіч: Справа ў тым, што ў нас ёсьць некалькі ўзроўняў інтэграцыі. Тая інтэграцыя, якая йдзе на ўзроўні Івана Макушка й Паўла Бардзіна, будзе йсьці як мінумум яшчэ 10 гадоў. Я ўпэўнены, што нават мяжа можа зьявіцца, альбо мытныя пункты паміж Беларусьсю й Расеяй, а яны будуць казаць пра тое, што мы вось-вось аб'яднаемся. Я не стаўлюся сур'ёзна да гэтых выказваньняў. Калі казаць пра магчымасьць рэфэрэндуму з юрыдычнага боку, то нават у гэтым годзе гэта немагчыма. Няма такіх юрыдычных працэдураў, каб арганізаваць такую сур'ёзную акцыю гэтай восеньню. Калі ставіцца да гэтага сур'ёзна, то рэфэрэндум немагчымы ані ў гэтым годзе, ані праз тры гады.
Дэпутат беларускага парляманту Вольга Абрамава лічыць, што рэфэрэндум можа адбыцца адначасова зь выбарамі ў мясцовыя саветы. Аднак, на яе думку, гэта быў бы рэфэрэндум пра Канстытуцую Саюзнай дзяржавы, а не пра аб'яднаньне Беларусі й Расеі.
В. Абрамава: Я ня думаю, што гаворка будзе йсьці пра аб' яднаньне, хутчэй пра Канстутыцыйны Акт. Калі такая акцыя будзе праводзіцца, то, на маю думку, яна будзе далучаная да мясцовых выбараў, бо гэта вельмі вялікія кошты для Беларусі. Зрабіць рэфэрэндум яшчэ ў гэтым годзе вельмі рэальна, бо для Расеі гэта адзіная магчымасьць правесьці такую акцыю у бліжэйшыя тры гады. Але я ня веру, што гаворка пойдзе пра рэальнае аб'яднаньне.
На думку некаторых адмыслоўцаў, калі рэфэрэндум будзе заплянаваны на гэты год, то даведацца пра яго грамадзяне змогуць ужо празь месяц, паколькі да канца году застанецца не так шмат часу, а падрыхтоўка да такой кампаніі вядзецца не адзін месяц.
Дзьмітры Гурневіч