• В. Юшчанка адзначыў беларускіх літаратараў
  • 22.08.2006
Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка адзначыў дзяржаўнымі ордэнамі Ўкраіны замежных грамадзянаў за асабісты ўклад у разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва, узмацненьня аўтарытэту й пазытыўнага іміджу Ўкраіны ў сьвеце, папулярызацыю яе гістарычных і сучасных дасягненьняў. Адзначэньні прызначаныя з нагоды 15-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны. Сярод адзначаных асобаў ёсьць беларускія літаратары. Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Яраслава Мудрага – гэта найважнейшая адзнака Ўкраіны. Ордэн „За заслугі” атрымалі Сяргей Законьнікаў і Алесь Пашкевіч.

Алесь Пашкевіч кажа, што яго ордэн зьяўляецца адзначэньнем цэлага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

А. Пашкевіч: Ордэн "За заслугі" я лічу ордэнам нe мне асабіста, але й усёй творчай арганізацыі, якую я ўзначальваю. Заўсёды ўрачыста й да болі шчымліва атрымліваць узнагароду ад братэрскіх суседніх народаў. Пры нагодзе думаецца вось пра што: няшчасныя, абдзеленыя дзяржаўнай ўвагай творцы ў сваёй Айчыне незапатрабаваныя. Можа хоць увага іншых краінаў раптам прарве гэтую духоўную блякаду ў Беларусі.

Паміж беларускімі й украінскімі творцамі безупынна існуе кантакт. Некалькі гадоў таму перад украінскімі творцамі ўзьнікалі праблемы. Беларускія пісьменьнікі былі адзінымі, хто іх падтрымаў. Мы штогод абменьваемся дэлегацыямі, удзельнічаем у афіцыйных украінскіх урачыстасьцях, найперш гэта сьвята Тараса Шаўчэнкі.


Для Сяргея Законьнікава гэта ўжо ня першая ўкраінская ўзнагарода. А Ўкраіна зьяўляецца для яго вельмі блізкаю дзяржаваю, дзе ён - часты госьць.

С. Законьнікаў: З украінскімі творцамі я сябрую даўно. Я праяўляю ўвагу да Ўкраіны, пачынаючы з 1969 году. Я перакладаю ўкраінскую паэзію, пішу вершы, прысьвечаныя Тарасу Шаўчэнку, Лесі Ўкраінцы. 18 гадоў я ўдзельнічаю ў сьвяце Шаўчэнкі. Я аб'ехаў усю Ўкраіну. Паўсюль нёс ідэю незалежнасьці нашых абедзьвюх дзяржаваў. Калі яшчэ не было вялікіх Майданаў, я выступаў на малых. Відаць, за гэтую маю працу мне й прысудзілі гэтую ўзнагароду. Адну я ўжо маю - званьне ляўрэата міжнароднай прэміі Ўкраіны імя Рыгора Скаварады. Любая ўзнагарода вельмі хвалюе й я ўдзячны Ўкраіне, прэзыдэнту Віктару Юшчанку. І ўвогуле - Украіна ў маім сэрцы!

Акрамя беларускіх літаратараў, Віктар Юшчанка адзначыў гэнэральнага сакратара Рады Эўразьвязу Хавіера Салянy, былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла й экс-міністра замежных справаў Летувы Антанаса Валеніса.

Алена Пытэль