• АГП хоча стварыць бібіліятэку на Акрэсьціна
  • 23.08.2006
Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе стварыць бібліятэку ў спэспрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна. Сябры АГП накіравалі ліст да кіраўніцтва ўстановы з прапановаю перадаць кнігі для стварэньня бібліятэкі.

Ініцыятар задумы Ігар Шынкарык кажа, што ідэя ўзьнікла пасьля размовы з былымі палітвязьнямі.

І. Шынкарык: Мы накіравалі ліст да кіраўніка спэцпрыёмніка, адказу пакуль няма. Ідэя нарадзілася каля двух тыдняў таму. Мы з Анатолям Лябедзькам былі ў Магілёве. Там у вязьніцы ўвогуле не дазваляюць перадаваць ні кнігі, ні часопісы. Таму ўзьнікла думка, што было б нядрэнна запрапанаваць стварыць такую бібліятэку. У нас ужо ёсьць каля тысячы кніг.

Намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі кажа, што, дзякуючы бібліятэцы, вязьні будуць мець занятак, паколькі свабоднага часу ў спэцпрыёмніку „хоць адбаўляй”.

А. Дабравольскі: Да гэтага моманту ніхто не спрабаваў зрабіць нешта падобнае. Мы паспрабуем, а які будзе вынік, паглядзім. Гэта кнігі, якія нам прыносяць людзі, кнігі з асабістых бібліятэк сябраў партыі. Гэта будзе літаратура, якая не прапагандуе камунізм. Палітычныя кнігі мы ня будзем перадаваць, нават калі іх і ўзялі б.

Справа ў тым, што праз Акрэсьціна прайшло шмат людзей. Усе яны адчулі, што там вельмі цяжкая атмасфэра, нават няма чаго пачытаць. Анатоль Лябедзька расказваў, што зь ім сядзелі прысуджаныя, якія кніжку апошні раз трымалі ў руках у школе. А там яны зацікавіліся газэтамі. Мы не абмяжуемся да Акрэсьціна, паступова будзем перадваць кнігі ў іншыя месцы пазбаўленьня волі.


Сяргей Карбановіч, які адсядзеў свае содні на Акрэсьціна, прызнае, што гэта нядрэнная задума, але бачыць у ёй пэўны папулізм.

С. Карбановіч: Такая бібліятэка патрэбная. Калі я сядзеў, у нас не было такой магчымасьці. Але мне здаецца, што тут ёсьць папулізм. Гэта чарговая ўвага да падзеяў сакавіка, імкненьне, каб яны засталіся ў найноўшай гісторыі Беларусі. Я лічу, што ўжо хопіць вяртацца да тых падзеяў. Гэта звычайны спосаб прыцягнуць увагу ў летні перыяд - вось глядзіце, мы хочам стварыць бібліятэку для вязьняў!

Кіраўніцтва спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка яшчэ не дало адказу на прапанову Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Алена Пытэль