- "Песьні Свабоды"
- 24.08.2006
Заўтра на гэтак званым пляцы Бангалёр у Менску адбудзецца канцэрт “Песьні Свабоды” з нагоды наданьня Дэклярацыі аб незалежнасьці Рэспублікі Беларусь моцы канстутыцыйнага закону. Нагадаем, дадзены канцэрт быў першапачаткова заплянаваны на 27 ліпеня, аднак гарадзкія ўлады не дазволілі правесьці імпрэзу. Дазвол на правядзеньне заўтрашняга канцэрту ўжо атрыманы й арганізатары займаюцца апошняй падрыхтоўкай.
У канцэрце, які пачнецца заўтра а 18.00 гадзіне на пляцы Бангалёр, возьмуць удзел N.R.М., Крама, Тав.Маузэр, Памідор/ОFF, PLAN, Банд А ды іншыя маладыя беларускія гурты.
Адзін з арганізатараў канцэрту, Алена Валынец, мае надзею, што гэтым разам не паўторыцца сцэнар зь мінулага месяцу, калі дазвол на канцэрт ня быў выдадзены з-за таго, што адначасова там адбываліся пікеты ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Знайсьці прычыну насамрэч вельмі проста, паколькі пікеты на Бангалёр праводзяцца даволі часта, пры тым як прыхільнікамі дзеючай улады, так і апазыцыі.
А. Валынец: Грамадзкія актывісты Валянціна Сьвяцкая, Уладзімер Арлоў і Аляксандар Жучкоў падавалі заяву на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. За 5 дзён да мерапрыемства Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні гэтай імпрэзы. Мы лічым гэта забаронай, бо згодна з заканадаўствам, яны павінны нам прызначыць іншы тэрмін альбо іншае месца. Аднак яны не зрабілі ні першага, ні другога. Фармальнай прычынай адмовы сталася правядзеньне ў гэты час пікетаў у падтрымку А. Казуліна. Аднак мы вырашылі не спыняць намаганьняў, каб адсьвяткаваць свае даты, бо свабодным людзям хочацца мець свае сьвяты. Спадзяемся, што заўтрашняе сьвята адбудзецца без перашкодаў.
Дарэчы ўчора ў Менску супрацоўнікамі АМАПу былі затрыманыя няпоўнагодовыя менчукі, якія раздавалі запрашэньні на маючы адбыцца рок-канцэрт. Пасьля затрыманьня маладых людзей даставілі ў апорны пункт, а пасьля размовы зь міліцыянтам адпусьцілі, сканфіскаваўшы 500 ўлётак.
А. Валынец: Асаблівых праблемаў не было. Міліцыянты затрымалі двух чалавек, якія раздавалі улёткі з запрашэньнямі на канцэрт. Іх хутка адпусьцілі, бо яны мелі пры сабе дазвол. Пратаколаў не складалі, але канфіскавалі ўлёткі.
Вядучым канцэрту “Песьні Свабоды” будзе вядомы музыка Аляксандар Памідораў. Ён, між іншым, выканае некалькі сваіх песьняў.
Раім усім, хто плянуе наведаць канцэрт, прыхапіць з сабою парасоны, паколькі згодна з прагнозамі сыноптыкаў, сапраўды існуе магчымасьць ападкаў. Нагадаем таксама, што канцэрт “Песьні Свабоды” прымеркаваны да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі распачнецца заўтра а 18.00 на пляцы Бангалёр у Менску, або як афіцыйна называецца месца- парк Дружбы народаў. Імпрэза бясплатная й афіцыйна дазволеная гарадзкімі ўладамі сталіцы.
Дзьмітры Гурневіч