- Сьмерць летувіскага дыплямата
- 24.08.2006
Уначы з 22 на 23 жніўня, падчас працоўнага візыту ў Берасьці, загінуў віцэ – консул Летувы з Горадні, афіцэр службаў бясьпекі Вітаўтас Пацюнас. Цела Пацюнаса было знойдзенае каля гатэлю “Інтурыст”, дзе ён спыніўся на час камандзіроўкі. На дадзены момант разглядаецца вэрсія няшчаснага здарэньня, паводле якой, Пацюнас выпаў з вакна шматпавярховага будынку. Пракуратура ў Берасьці дасьледуе справу.
Вітаўтас Пацюнас зьяўляўся дарадчыкам генэральнага консульства Летувы ў Горадні, а таксама супрацоўнікам Дэпартамэнту дзяржбясьпекі гэтай краіны. Да прызначэньня на працу ў Беларусь Пацюнас узначальваў адну са службаў Дэпартамэнту, якая займалася справай супрацоўніцтва былога прэзыдэнта Летувы Раландаса Паксаса са спонсарам ягонай перадвыбарчай кампаніі, міжнародным гандляром зброяй Юрыям Барысавым.
Трэба заўважыць, што міністар замежных справаў Летувы Пэтрас Вяйцякунас, а да нядаўняга часу ён працаваў амбасадарам у Беларусі, вельмі асьцярожна ацэньвае акалічнасьці сьмерці Пацюнаса. Ва ўчорашняй заяве ён зазначыў : „Гэта вельмі сур’ёзнае здарэньне, і любыя здагадкі могуць быць вельмі шкоднымі для інтарэсаў Летувы”. У Беларусь зь Вільні выехала спэцыяльная камісія, якая разам зь беларускімі праваахоўнымі ворганамі будзе дасьледваць справу.
Летувіскі эўрадэпутат Вітаўтас Ландзбергіс учора заявіў, што сьмерць Пацюнаса ён расцэньвае як вынік забойства па палітычных матывах. Ландзбергіс падкрэсьліў, што забойства адбылося ў краіне, дзе ня толькі злачынцаў хаваюць, але й узвышаюць. Ён заклікаў афіцыйную Вільню правесьці ўласнае сьледзтва.
Аднак свайго расьледваньня на тэрыторыі Беларусі іншы бок, згодна з заканадаўствам, ня мае права праводзіць. Справу камэнтуе прадстаўнік аддзелу па кантактах з прэсай Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Летувы Вітаўтас Макаўскас.
В. Макаўскас: Гэта будзе двухбаковая супраца. Ужо ўчора выехаў адзін афіцэр зь Летувы. Сёньня раніцой у Беларусь выехалі яшчэ тры асобы. Згодна з законам, наш бок мае права толькі назіраць за сьледзтвам і быць часткаю беларускай групы. Мы не маем права праводзіць уласнага сьледзтва. Праўдападобных вэрсіяў здарэньня мы пакуль не агучваем, бо менавіта сьледзтва павінна іх ацаніць. Казаць пра вэрсіі на дадзены момант проста несур'ёзна.
Між тым паявіліся некаторыя падрабязнасьці сьмерці дыплямата. Як паведамляе інтэрнэт-партал telegraf.by ца спасылкай на чыноўніка ў праваахоўных ворганах Беларусі, які пажадаў не называць свайго імя, летувіскі дыплямат 23 жніўня вярнуўся ў гатэль у нецьвярозым стане. Удалося нават вызначыць бары й рэстараны, якія наведаў Пацюнас у тую ноч з сябрамі.
У амбасадзе Летувы ў Менску нам паведамілі, што на дадзены момант летувіскі бок задаволены супрацай зь беларускімі праваахоўнымі ворганамі. Кажа прэс-сакратар пасольства Крысьціна Паканітэ.
К. Паканітэ: Летувіскія дыпляматы зараз знаходзяцца на месцы здарэньня і назіраюць за хадою сьледзтва. Дэлегацыю ўзначальвае выканаўца абавязкаў часовага паверанага Летувіскай Рэспублікі ў Беларусі Марыюс Януконіс. У нас няма разнагалосьсяў зь беларусамі, летувіскі бок задаволены супрацай.
Аднак пакуль не адбудзецца афіцыйная мэдэкспэртыза з удзелам прадстаўнікоў зь Вільні, то казаць пра тое, ці насамрэч дыплямат быў у нецьвярозым стане, заўчасна. Супрацоўнік прэс-службы Міністэрства замежных справаў Летувы Рамунас Мочас кажа, што адпаведныя мэдэкспэрты ўжо накіраваліся на месца здарэньня.
Р. Мочас: Сьледзтва працягваецца. Беларусы й летувісы будуць супрацоўнічаць на месцы здарэньня. Нашыя экспэрты будуць часткаю групы, якая займаецца гэтай справай. Выехаў наш мэдэкспэрт, каб назіраць за ўскрыцьцём цела. Сёньня адбудзецца аналіз магчымых прычынаў здарэньня.
На жаль, нам не ўдалося зьвязацца з прэс-службаю МЗС Беларусі, але як нам вядома, учора беларускае зьнешнепалітычнае ведамства накіравала МЗС Летувы спэцыяльны ліст, у якім патлумачыла справу.
Дзьмітры Гурневіч