• Bыстава фотаздымкаў „За свабоду й незалежнасьць”
  • 25.08.2006

24 жніўня ў сядзібе парті БНФ была адкрыта выстава фотаздымкаў пад назовам „За свабоду й незалежнасьць”. На экспазіцыі сабраныя 180 здымкаў, якія прадстаўляюць важныя палітычныя падзеі бягучага году. „Апавяданьне” пачынаецца ад падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра самую выставу й яе мэты расказвае адзін з арганізатараў Франак Вячорка.

Ф. Вячорка:Выстава адначасова зьяўляецца падвядзеньнем вынікаў падзеяў вясны - плошчы, масавых акцыяў, а таксама пачатак восеньскага перыяду кампаніі "За свабоду". Выстава ўяўляе сабою 180 скампіляваных у розныя пазыцыі здымкаў, якія зрабілі каля 20 фатографаў. Здымкі разьмешчаныя ў храналягічным парадку. На пачатку прадстаўлена падрыхтоўка да выбараў, сустрэчы зь Мілінкевічам, першыя затрыманьні; пасьля сама плошча, якая пераўтвараецца ў намётавы гарадок; далей паказана Акрэсьціна, масавая акцыя 25 сакавіка. Завяршаецца выстава здымкамі з Чарнобыльскага шляху й падзеямі 1 траўня, калі адбылося зьліцьцё розных палітычных партыяў.

На адкрыцьці выступілі арганізатары выставы, лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка. Павітаў прысутных музыка Андрэй Плясанаў з гуртом П.Л.А.Н.

Цягам двух тыдняў выстава будзе знаходзіцца ў сядзібе БНФ, пасьля паедзе па ўсёй Беларусі. Ёсьць намер паказаць выставу летувісам, таксама цікавіліся ёй палякі. Таму я думаю, што лёс выставы будзе доўгім.


На ўрачыстым адкрыцьці выступіў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, які лічыць, што падзеі сакавіка не адыйшлі ў мінуўшчыну, а зьяўляюцца сучаснасьцю беларускага народу.

В. Вячорка: Асьветленыя выставай падзеі - гэта не мінуўшчына, гэта наша сучаснасьць. Яны засьведчылі, што беларускае грамадзтва ў яго лепшай частцы набыло новую якасьць, пераадолела страх. Менавіта гэтыя людзі зьяўляюцца гарантыяй таго, што беларусы - гэта палітычная нацыя, якая мае незалежнасьць; гарантыя таго, што дні дыктатуры ўжо палічаныя. Выстава зьяўляецца сымбалічным мастком паміж веснавымі падзеямі й працягам нашай працы, нашай барацьбы.

Адна з арганізатараў Вольга Рудніцкая зазначае, што дата адкрыцьця выставы не выпадкова супадае з днём наданьня канстутуцыйнага статусу дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.

В. Рудніцкая: Напярэдадні 25 жніўня мы прыгадалі пра важныя падзеі сёлетняй вясны. Гэта быў выбух палітычнай актыўнасьці людзей, выбух іх грамадзкай сталасьці. Праходзіць час, і людзі разумеюць, што адбылося. Кожная падзея павінна быць прапушчана праз час і розум, які ўжо ня так моцна кранаюць эмоцыі. Як мы ўспамінаем Грунвальдзкую бітву, так трэба ўспамінаць і не такія крывавыя, але ня менш важныя падзеі.

Фотавыставу „За свабоду й незалежнасьць” можна паглядзець ў седзібе партыі БНФ на працягу двух тыдняў.

Алена Пытэль