- Выстава "Расплата" у Менску
- 26.08.2006
24 жніўня ў Менску, у касьцёле святых Сымона й Алены, адкрылася выстава, прысьвечаная 500-годдзю перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над крымскімі татарамі пад Клецкам.
Выстава ў сталіцы - гэта чарговы этап адзначэньня гадавіны бітвы, якая адбылася 5 жніўня 1506 г. На экспазыцыі прадстаўлены мастацкія працы 15 вядомых беларускіх майстроў, прысьвечаныя згаданай тэматыцы - кажа арганізатар акцыі мастак Мікола Купава.
М.Купава: 4 жніўня, напярэдадні гэтай вялікай даты, мы адкрылі выставу ў Клецкім музэі. А адкрыцьцё экспазыцыі ў Менску - гэта апоішні акорд сьвяткаваньня гадавіны бітвы пад Клецкам.
У выставе прымаюць удзел 15 мастакоў, якія рабілі творы непасрэдна на гэтую тэматыку - гэта Міхась Басалыга - "Клецкая бітва", партрэты князёў Алелькавічаў, Міхась Будавей зрабіў партрэт героя змаганьня маршалка Глінскага, Арлен Кашкурэвіч - цудоўны, рамантычны партрэт князёўны Анастасіі Слуцкай - вядомай асобы, якая арганізавала адпор татарам годам раней... І цэлы шэраг іншых мастакоў паказалі свае працы.
Мікола Купава заўважыў, што перамога над татарамі была важнай падзеяй у гісторыі Беларусі, паколькі войскі ВКЛ перамаглі армію, якая моцна пераважала іх па колькасьці. А дзякуючы гэтаму ўдалося вызваліць 40 тыс. палонных беларусаў, якіх татары гналі ў Крым.
М.Купава: Падзея вельмі значная ў нашай гісторыі, паколькі пасьля таго татары не рабілі ўжо такіх нападаў на Беларусь. Але тут вельмі важна адзначыць тое, што яны ўзялі 40 тыс. палонных і вялі з сабой у Крым. Гэта былі маладыя хлопцы ды дзяўчаты - прызначаныя пераважна для продажу ў гарэмы й янычары. Гэтыя людзі былі вызваленыя. Калі б гэтага не сталася, то можна сьмела сказаць, што многія з нас бы не нарадзіліся, паколькі іх продкі бы не існавалі.
Апроч таго, важна й тое, што перамога была атрымана малымі сіламі. Дарэчы, так было ў многіх вядомых бітвах - на Сініх водах, Аршанскай бітве, змаганьні караля Яна Хадкевіча з туркамі й са шведамі - яны так праходзілі - выключна малымі сіламі. Гэта сьведчыць пра нашыя бліскучыя вайсковыя традыцыі й нашых палкаводцаў.
Вольга Іпатава, аўтарка гістарычных раманаў, прыгадала, на колькі важна для беларусаў вяртаць гістарычную сьвядомасьць. Таму неабходна выкарыстаць кожную нагоду, каб згадваць падзеі, у якіх беларусы паказалі сябе як мужны й нязломны народ. Пісьменьніца заўважыла таксама, што Клецкая бітва адбылася на пачатку 16 стагоддзя - залатога века ВКЛ, а з выставы глядзіць на нас зусім іншая Беларусь.
В.Іпатава: Сьвяткаванне такіх падзей у жыцьці кожнага народа важнае, паколькі народ гуртуецца на сваіх подзьвігах. Беларусаў, з іх мінімальнай гістарычнай сьвядомасьцю, трэба вяртаць да таго шляху, які прайшлі ўсе цывілізаваныя народы. Гэта як дзяцінства - без яго, без гісторыі, без асэнсаваньня свайго мінулага шляху народ як правіла ня мае й будучыні. А ў нас стаўленьне да гісторыі зноў вяртаецца да савецкіх часоў, калі мы не маглі ўзяцца ні за адну тэму да 1917 году. А выстава была яшчэ цікавая таму, што там глядзела на нас зусім другая Беларусь - краіна замкаў, як яе некалі называлі - гэта цудоўныя гарады, але горка было ад таго, што цяпер гэта маленькія, занядбалыя гарадкі, а людзі ня памятаюць, што там было.
Мікола Купава таксама ўспамінае пра росквіт культурнага жыцьця на тагачасных беларускіх землях. Дасягненьні ў культуры дазвалялі народу выхадзіць пераможцамі з такіх бітваў, як гэта пад Клецкам.
М.Купава: Гэта ж быў час Скарыны, Гусоўскага. Ф.Скарына рыхтаваў ужо сваё выданьне, а М. Гусоўскі таксама рыхтаваўся да працы. Гэта было напярэдадні І статута ВКЛ. Усё невыпадкова - гэта сьведчыць пра тое, што наша нацыя была кансалідаваная, кільтурная. А дасягненьні ў культуры спрыялі й вайсковаму майстэрству.
Выставу "Расплата" пра перамогу войскаў ВКЛ у Клецкай бітве можна ўбачыць у Менскім касьцёле сьв. Сымона й Алены.
Натальля Грышкевіч