- "Нашаніўцы" - ляўрэаты прэміі З. Завадзкага
- 31.08.2006
Беларуская асацыяцыя журналістаў ды расейскае адкрытае акцыянернае таварыства “Першы канал” абвесьцілі ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага “За мужнасьць і прафэсіяналізм”. Гэтам разам дыплём атрымалі фатограф Юлія Дарашкевіч, рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько ды Алег Углевіч з газэты “Комсомольская правда”.
Прэмія імя зьніклага ў 2000 годзе апэратара расейскай тэлівізіі Зьмітра Завадзкага была ўстаноўлена ў 2002 годзе. Прэмія ўручаецца журналістам, якія працуюць у Беларусі й якія падчас выкананьня прэфэсійных абавязкаў сутыкаюцца зь перашкодамі з боку праваахоўных ворганаў.
Той факт, што пераможцаў абіраў “Першы канал”, выклікае зьдзіўленьне, паколькі вядома, што яго рэдакцыйная палітыка мае прапуцінскі накірунак і нэгатыўна асьвятляе дзейнасьць беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Аднак рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько кажа, што прэмія Завадзкага гэта акт салідарнасьці свабоднай Расеі, і адмовіцца ад яе азначала б адкінуць жэст прыязьні расейскіх журналістаў.
А. Дынько: Гэтую прэмію прысуджае журналісцкі калектыў "Першага каналу", і толькі падпісвае генэральны дырэктар. Для мяне гэтая прэмія – гэта перш за ўсё выказ нязгоды журналістаў "Першага каналу" з рэдакцыйнай палітыкай каналу. Для мяне вельмі важны гэты выказ, бо я бачу ў ім заруку салідарнасьці паміж свабоднай Расеяй і свабоднай Беларусьсю. Несвабодная Расея сёньня заплюшчвае вочы, нават адкрыта падтрымлівае зьверствы, якія робяцца на нашай зямлі. Але не прыняць жэст салідарнасьці, адштурхнуць працягнутую руку – гэта было б непрыстойна.
Мы таксама датэлефанаваліся да другой ляўрэаткі праміі – фотакарэспандэнткі “Нашай Нівы” Юліі Дарашкевіч. Тое, што нам давялося пачуць, яшчэ раз пацьвердзіла правільнасьць выбару беларускіх і расейскіх журналістаў, якія прызначалі прэмію.
Ю. Дарашкевіч: Я знаходжуся ў гарадзкім аддзеле міліцыі горада Бабруйска. Тут адбывалася акцыя пратэсту супраць звальненьня настаўніка Алеся Чыгіра. Ён прыкаваў сябе ланцугамі да слупа на галоўнай плошчы гораду. Усе затрыманыя, а гэта 11 журналістаў, былі з прымяненьнем фізычнай сілы дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі. Я спрабавала фатаграфаваць гэтую акцыю пратэсту, але прадстаўнікі міліцыі заламалі мне рукі, спрабавалі пабіць камэру. У нас забралі пашпарты, перапісалі дадзеныя, і зараз мы сядзім ды чакаем, што будзе далей. З намі размаўляюць па-хамску, увесь час нас здымае чалавек у цывільным, які доўгі час таксама адмаўляўся прадставіцца. Пры затрыманьні людзі ў цывільным паводзілі сябе досыць нахабна, яны вырывалі нашыя пасьведчаньні й казалі, што гэта падробка.
У розныя гады прэмію Зьмітра Завадзкага атрымлівалі журналісты Ірына Халіп, Сяргей Грыц, Марына Коктыш, Любоў Лунёва, Анджэй Пісальнік.
Дзьмітры Гурневіч