• Адраджэньне беларускай вёскі?
  • 02.09.2006
У верасьні 2003 году Аляксандар Лукашэнка выдаў распараджэньне стварыць праграму па адраджэньні беларускай вёскі. Асноўным прыярытэтам праграмы павінна быць збліжэньне сацыяльных умоваў сельскіх жыхароў да гарадзкіх стандартаў. У сакавіку 2005 году адпаведны праект быў падпісаны кіраўніком краіны.

Тэрмін рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па адраджэньні й разьвіцьці беларускай вёскі прадугледжвае заканчэньне праекту ў 2010 годзе. Да гэтага часу паводле праграмы плянуецца стварыць 1481 аграгарадок з цэнтральным ацяпленьнем, газіфікацыяй ды водазабесьпячэньнем. На рэалізацыю праграмы плянуецца затраціць 69,8 трлн. беларускіх рублёў.

Дадзеную праграму каардынуе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі. Згодна з плянамі, да 2010 году цалкам павінна скончыцца газіфікацыя ўсіх населеных пунктаў рэспублікі.

Эканаміст Станіслаў Гусак кажа, што, нягледзячы на тое, якая ў краіне ўлада, праграма па стварэньні добрых умоваў жыцьця для сельскіх жыхароў павінна быць, паколькі Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, і людзі маюць права мець адпаведныя стандарты жыцьця.

С. Гусак: Каму б не належыла ўлада, Лукашэнку ці нейкаму дэмакрату, усё роўна трэба вырашаць жыльлёвыя праблемы тых людзей, якія займаюцца сельскай гаспадаркай. Трэба ім даць паліва, газ, ваду. Як бы не было, але Беларусь - гэта частка Эўропы, і трэба жыць па-эўрапейску. Трэба, каб нашым людзям было зручна. Тым больш Беларусі сёньня гэта па сілах - зрабіць газіфікацыю ўсіх аграгарадкоў. Інфраструктура сёньня шырокая, і яна дае магчымасьць гэта зрабіць. Гэта трэба рабіць, і не таму, што так сказаў Лукашэнка, а таму, што гэтакія патрэбы часу.

Станіслаў Гусак таксама зазначыў, што нават у выпадку, калі Расея павысіць кошты на газ для Беларусі, то варта працягваць газіфікацыю краіны. Як заяўляе эканаміст - празь некаторы час краіна й так будзе купляць паліва па ўсясьветных цэнах, і чым раней беларуская эканоміка пяройдзе на роўныя ўмовы гандлю з Расеяй, тым лепш для яе.

Павышэньне стандартаў жыцьця ў беларускіх вёсках справа, безумоўна, добрая, аднак варта зьвярнуць увагу, як рэалізуецца дадзены праект. Жыхар аднаго з аграгарадкоў Меншчыны Віталь пагаджаецца, што ідэю праграмы крытыкаваць няма за што, але тое, як рэалізуецца плян, зьяўляецца ўзорам неарганізаванасьці, а галоўнае - адсутнасьці неабходных грашовых сродкаў.

Віталь: Ствараюцца добрыя ўмовы для жыцьця, што прадугледжвае і культуру, і сельскую гаспадарку, і бытавыя ўмовы. Але тэрміны выканьня гэтага ўсяго проста нерэальныя. Калі патрабуюць зрабіць усё цягам году-двух, а грошай на гэта выдзяляецца мала, то гэта нерэальна. Ідзе ўсё па вэртыкалі. Улады патрабуюць ад ніжэйшых уладаў, тыя - ад яшчэ ніжэйшых, і даходзіць такім чынам да дырэктароў, кіраўнікоў. Вышэйшыя ўлады кажуць: вы зрабіце ўсё, падпішыце, што зроблена, а мы, маўляў, адчытаемся па паперцы, што ўсё ў парадку. Тыя ўсё робяць, падпісваюць дакумэнты. Фінансаваньне па праекце спыняецца, а люді тыя застаюцца ні з чым.

Як адзін з прыкладаў такой няхлюйнасьці Віталь называе свой населены пункт.

Віталь: Далі трохі грошай, нешта там зрабілі, паставілі вокны, падмазалі, а рамонту не зрабілі. Кіраўніцтва паставіла подпіс, што нібыта ўсё добра. А цяпер іх ганяюць за тое, што яны падпісаліся. І тое ж самае кіраўніцтва, якое ад іх патрабавала подпісу, зараз задае пытаньні: чаму вы нічога не зрабілі?

А ці зьмяніліся ўмовы?

Віталь: Засталося таксама як і было, і невядома, калі гэта зьменіцца. Гэта нерэальна, бо няма столькі сродкаў. Нават калі не пабудуюць бібліятэкі лішняй, то не хопіць гэтых грошаў.

А тым часам улады Беларусі праводзяць рэклямныя кампаніі, якія маюць заахвоціць беларусаў заставацца ў сваіх вёсках ды працаваць на мясцовых прадпрыемствах. А кіраўнік краіны ўжо папярэдзіў чыноўнікаў: Не дай бог, вы загубите идею (агрогородков), то вам будет «труба».

Дзьмітры Гурневіч