• А. Лукашэнка адзін з галоўных дыктатараў сьвету
  • 05.09.2006
Брытанскі часопіс “New Statesman” у апошнім нумары паведаміў, што беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца адным з галоўных дыктатараў сьвету. У першую дзясятку разам з Лукашэнкам увайшлі кіраўнікі Ірану, Пакістану, Паўночнай Карэі, Туркмэністану, Кітаю ды інш.

“New Statesman” назваў Лукашэнку “дыктатарам на прыступках Эўропы”. Беларускі лідэр зьяўляецца адзіным кіраўніком эўрапейскай дзяржавы, у якой на працягу больш як дзесяцігодьдзя адбываюцца сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ды зьнікаюць палітычныя апанэнты ўлады. Паводле брытанскага выданьня, Лукашэнку ўласьцівыя нахабства й безтактычнасьць. Адным зь любімых заняткаў дыктатара “New Statesman” называе пошук ворагаў. У артыкуле адзначаецца, што толькі за апошні год у Беларусі таямніча загінулі два замежныя дыпляматы.

Намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской газеты”, палітоляг Віктар Марціновіч перакананы, што за апошнія 10 гадоў зьмянілася акрэсьленьне дыктатуры, паколькі сьвет увайшоў у новую эру інфармацыйнага разьвіцьця. Дыктатура посыіндустрыяльнага грамадзтва – менавіта так называю сёньняшнія дыктатарскія рэжымы Віктар Марціновіч.

В. Марціновіч: Апошнія 10 гадоў паўстае нейкі новы вобраз дыктатараў. Трохі зьмянілася само акрэсьленьне дыктатуры. Раней мы называлі дыктатурай рэжым Франка ў Гішпаніі, ваенную дыктатуры Гітлера, сталінізм. Бо гэта былі клясычныя дыктатуры. За апошнія 10 гадоў паўстала нейкая новая генэрацыя дыктатараў, я б назваў яе дыктатурай посыіндустрыяльнага грамадзтва. Такой дыктатуры непатрэбны шматлікія рэпрэсіі. Ва ўмовах кантаролю над СМІ патрэбная ліквідацыя ўсялякай магчымай палітычнай альтэрнатывы. Для гэтага дастаткова пасадзіць некалькі дзясяткаў чалавек, як гэта робіцца ў Беларусі.

Філёзаф Ігар Бабкоў называю палітычны стыль кіраваньня ў Беларусі аўтарытарызмам, які паступова пераходзіць у сыстэму карпаратыўнай дзяржавы.

І. Бабкоў: Аўтарытарная ўлада - гэта ўлада аднаго чалавека. І мне здаецца, што беларуская сыстэма ідзе ў кірунку карпаратыўнай дзяржавы. За апошнія 3-5 год у Беларусі назіраецца пераход ад клясычнага аўтарытарызму да карпаратыўнай сыстэмы, калі рашэньні й адказнасьць за іх прыняцьцё перакладаюцца на карпарацыю. У дадзеным выпадку - гэта дзяржаўныя чыноўнікі, частка бізнэсу інтэграваная зь дзяржавай. І гэтая
карпарацыя імкнецца падначаліць сабе ўсё большыя сэгмэнты грамадзтва.

Дыктатура фашыстоўскага кшталту – менавіта так акрэсьлівае лукашэнкаўскі рэжым палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён лічыць, што ў ацэнцы дэмакратычнасьці беларусы павінны зыходзіць з факту, што іх краіна знаходзіцца ў Эўропе, і калі прыняць пад увагу эўрапейскія стандарты, то ў Беларусі існуе тыповы дыктатарскі рэжым.

У. Мацкевіч: У Беларусі дыктатура тыповага фашыстоўскага кшталту, але вельмі асучасьненая. Гэта дыктатура ў эпоху глябалізацыі, інфармацыйных тэхналёгіяў і агульнага прагрэсу. Калі тут няма газавых печаў і Асьвенціма, то гэта яшчэ ні аб чым ня сьведчыць. Мы - эўрапейская краіна, адсюль і іншыя да нас патрабаваньні. Магчыма, што дзе-небудзь у Азіі беларускую сыстэму можна было б назваць вельмі дэмакратычнай. Але мы эўрапейская нацыя.

Электронная вэрсія брытанскага выданьня “New Statesman” правяла таксама інтэрнэт-апытаньне з мэтаю даведацца, каго чытачы часопіса лічаць найбольш небясьпечным у гісторыі дыктатарам. Паводле апытаньня, Лукашэнка займае апошнюю, дзясятую пазыцыю. На першым месцы кубінскі лідэр Фідэль Кастра, а на другім - прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. За Робэртам Мугабэ на дзявятай пазыцыі аказаўся прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр.

Дзьмітры Гурневіч