• Уручаныя прэміі Пэн-Цэнтру
  • 06.09.2006
5 верасьня ў Дольнай залі Чырвонага касьцёла ў Менску адбылася цырымонія ўручэньня ўзнагародаў ляўрэатам прэміяў Францішка Багушэвіча ды Алеся Адамовіча. Абедзьве прэміі былі ўстаноўленыя Беларускім Пэн-Цэнтрам. Сёлета рада Пэн-Цэнтру ўганаравала прэміямі Леаніда Маракова ды Сяргея Навумчыка.

Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Леанід Маракоў быў адзначаны за сваю шматгадовую працу «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991». Гэты энцыкляпэдычны даведнік складаецца зь некалькіх тамоў і ня мае аналягаў у Беларусі. Падчас уручэньня прэміі старшыня рады Пэн-Цэнтру Ўладзімер Някляеў адзначыў, што Леанід Маракоў выканаў працу цэлага дасьледчага інстытуту.

У. Някляеў: Літаратурная прэмія Беларускага Пэн-Цэнтру ім. Ф. Багушэвіча мае гістарычнае адценьне. У кнізе Леаніда Маракова ўзноўленыя тыя імёны, якія, здавалася б, назаўсёды былі страчаныя для нашай гісторыі. Гэта была няпростая праца, ён займаўся ёю ня год, і ня два. Дарэчы, атрымаў ён прэмію за трэцім разам. Зараз, відаць, кніга ўвайшла у сьвядомасьць тых людзей, якія яе чыталі.

Леанід Мракоў зьяўляецца пляменьнікам расстралянага ў 1937 годзе літаратара Валера Маракова. Як прызнаецца аўтар, ягонае захапленьне гісторыяй сям’і, а пазьней і ўсёй зьнішчанай камуністамі беларускай інтэлігенцыяй распачалося ад адкрыцьця праўды пра сьмерць свайго дзядзькі.

Л. Маракоў: Я займаўся бізнэсам і нічога ня ведаў пра сям’ю. У 1996 годзе ў мае рукі выпадкова трапілі зьвесткі пра майго дзядзьку, расстралянага 29 кастрычніка 1937 году ў падвалах амэрыканкі, гэта Ўнутраная турма НКУС. Я пачаў зьбіраць дадзеныя. Празь нейкі час гэта так моцна мяне захапіла, што я кінуў бізнэс і пачаў займацца толькі гэтым.

Зараз ляўрэат прэміі Ф. Багушэвіча рыхтуе да выданьня яшчэ ад працу, прысьвечаную вынішчэньню цягам адной ночы некалькіх дзясяткаў беларускіх пісьменьнікаў.

Прэміяй імя Алеся Аамовіча ўзнагароджваюцца пісьменьнікі альбо журналісты за публіцыстычныя творы ў любым жанравым выяўленьні. Сяргей Навумчык быў адзначаны ўзнагародай за нядаўна выдадзеную ў Варшаве кнігу “Сем гадоў беларуска Адраджэньня”, у якой апісвае шлях ад здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Сам аўтар ня змог быць прысутным на ўручэньні прэміі, паколькі на працягу 10 гадоў зьяўляецца палітычным уцекачом. Уладзімер Някляеў кажа, што кніга С. Навумчыка дапамагае асэнсаваць тыя падзеі, якія мелі месца ў гісторыі Беларусі ў згаданым пэрыядзе ды пра якія зараз вядуцца спрэчкі паміж рознымі палітычнымі коламі.

У. Някляеў: Магчыма, на сёньня гэта кніга найбольш патрэбная. Бо якраз сёньня мы тузаемся з пытаньнем, што ж адбылося? Тым больш матэрыялы ў кнізе Навумчыка пададзеныя вельмі добра, і ў літаратурных адносінах – гэта вельмі якасная праца.

Прэміі Ф. Багушэвіча ды А. Адамовіча былі ўстаноўленыя Беларускім Пэн-Цэнтрам у 1994 годзе. Да гэтага часу іх ляўрэатамі былі Валянцін Акудовіч, Кастусь Акула, Міхась Чарняўскі, Алесь Белы, Генадзь Сагановіч ды іншыя.

Дзьмітры Гурневіч