• Працягваецца перасьлед "Маладога Фронту"
  • 07.09.2006
Учора, 6 верасьня, споўнілася роўна 9 год з дня правядзеньня ўстаноўчага сходу незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Гэтае аб’яднаньне было ўтворанае як моладзевае крыло Беларускага народнага фронту, аднак празь некалькі год “Малады Фронт” стаўся незалежнай арганізацыяй. На працягу 9 гадоў актывісты “Маладога Фронту” неаднаразова перасьледаваліся міліцыяй ды спэцслужбамі. На дадзены момант некалькі сябраў арганізацыі адбываюць пакараньне, а супраць іншых узбуджаныя крымінальныя справы.

Апошнія некалькі месяцаў назіраецца вялікая актыўнасьць прадстаўнікоў сілавых структураў да дзейнасьці “Маладога Фронту”. Прычынай гэтага зьяўляецца новы закон, які забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ды прадугледжвае крымінальную адказнасьць за парушэньне закону.

Лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч лічыць, што спэцслужбы такім чынам хочуць перашкодзіць чарговаму Сойму арганізацыі, які мае адбыцца напрыканцы кастрычніка.

З. Дашкевіч: Вельмі цяжка лягічна ахарактарызаваць гэтую сытуацыю, паколькі беларуская палітычная прастора лёгіцы не паддаецца. Я лічу гэта хваляй новых рэпрэсіяў і перасьледаў у сувязі з плянаваным сходам “Маладога Фронту”, які адбудзецца ў кастрычніку. Улады спрабуюць запалохаць нашых актывістаў, каб яны адмовіліся ад сяброўства ў арганізацыі. Крымінальная справа, якая была распачатая адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, дагэтуль існуе. Гэта той самы артыкул, паводле якога былі асуджаныя актывісты "Партнэрства". Дзьве крымінальныя справы, датычныя “Маладога Фронту”, былі зачыненыя ў Нясьвіжы, Жодзіне, Жлобіне. Зараз актуальнай застаецца справа, узбуджаная Камітэтам па барадзьбе з арганізаваным тэрарызмам і абароне канстутыцыйнага ладу пры КДБ. Гэтая справа ўзбуджаная супраць мяне, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана ды Сяржука Лісічонка.

Дарэчы, учора ў кватэру маладафронтаўца Зьмітра Хведарука спрабавалі трапіць людзі ў цывільным разам зь міліцыянтам. Як распавядае сам Зьміцер, ён здолеў уцячы з кватэры, якая знаходзіцца на першым паверсе некалькіпавярховага дому.

З. Хведарук: Самога вобшуку так і не адбылося, бо яны не змаглі патрапіць у кватэру. Я якраз быў дома, калі нехта затэлефанаваў у дзьверы. Людзі за дзьвярыма пачалі крычаць, каб я адчыняў. Нядоўга думаючы, я выскачыў з балькону. Яны ніяк не прадставіліся, але ўсё й так было зразумела. Разам зь міліцыянтам былі два мужчыны ў цывільным. Яны пачалі ламаць дзьверы з такою сілай, што нават суседка гэта пачула й выйшла на пляцоўку.

А тым часам палітвязень Павал Севярынец, які адбывае двухгадовае пакараньне “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна на Віцебшчыне, атрымаў позву ў пракуратуру ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе актывістаў “Маладога Фронту”.

На так званай хіміі знаходзіцца таксама Артур Фінькевіч. Ён быў асуджаны за графіці “Мы хочам новага” ды “Жыве Беларусь”. Падчас сакавіцкіх падзеяў дзясяткі сябраў “Маладога Фронту“ былі асуджаныя на 10 содняў зьняволеньня.

Дзьмітры Гурневіч