- Як у Беларусі дабівацца моўных правоў?
- 08.09.2006
У выніку рэфэрэндуму 1995 году расейская мова здабыла ў Беларусі статус другой дзяржаўнай нароўні зь беларускай. Аднак на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя назіраецца яўная дыспрапорцыя ва ўжываньні мовы мясцовага насельніцтва. Ці магчыма прымусіць дзяржаўнага чыноўніка ў Беларусі пашыраць ўжываньне беларускай мовы, а тым самым выконваць закон аб дзьвюхмоўі?
Афіцыйна ў Беларусі існуе дзьвюхмоўе, аднак рэдка ў якой-небудзь дзяржаўнай установе вам змогуць прадставіць хаця б блянк па-беларуску, ня кажучы ўжо пра тое, што й загавораць з вамі на беларускай мове. На працягу многіх гадоў пашырэньнем ўжываньня тытульнай мовы беларусаў на іх жа Бацькаўшчыне займаліся недзяржаўныя арганізацыі, такія як Таварыства беларускай мовы ды Таварыства беларускай школы. Менавіта дзякуючы іх намаганьням аўдыё-візуальнае афармленьне беларукіх гарадоў усё часьцей робіцца па-беларуску.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што для таго, каб прымусіць чыноўніка выконваць права на выкарыстаньне роднай мовы, існуе шмат спосабаў: ад збору подпісаў да скаргі ў пракуратуру. ТБМ гэтыя рэцэпты рэдка падводзіла.
А. Трусаў: Улада на Беларусі не зьяўляецца маналітнай і ніякай афіцыйнай палітыкі русыфікацыі, дзякуй Богу, няма. Яе праводзяць мясцовыя чыноўнікі ў залежнасьці ад сваіх поглядаў. У Беларусі шмат што залежыць ад мясцовай вэртыкалі, бо яна нікому не падпарадкоўваецца акрамя Лукашэнкі. Працэс ідзе згодна з тым, што ў дадзены момант прыдумае чыноўнік. Грамадзянін можа прымусіць чыноўніка паважаць ягоныя
лінгвістычныя правы праз пракуратуру. І калі грамадзянін настойлівы, то ён, як правіла, свайго дабіваецца. Дзякуючы збору подпісаў, мы беларусізавалі беларускую чыгунку. Трэба, каб кожны праявіў ініцыятыву: зрабіў блянк і пайшоў па людзях зьбіраць подпісы.
Мы датэлефанаваліся ў Міністэрства інфармацыі, а таксама ў Міністэрства адукацыі Беларусі з пытаньнем: як у гэтых ведамствах вядзецца выкананьне закону аб дзьвюхмоўі.
Гаворыць памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў.
В. Казлоў: Што датычыць выкарыстаньня дзьвюх моваў у дакумэнтах, то мы гэта робім, і няма ніякіх праблемаў.
А ці магчыма сайт міністэрства цалкам перавесьці на беларускую мову?
В. Казлоў: Я ня бачу ў гэтым асаблівых праблемаў.
У Міністэрстве адукацыі нас запэўнілі, што блянкі, якія ўжываюцца ва ўстанове, зробленыя па-беларуску, але на якой мове іх запаўняць, вырашае кожны працаўнік асабіста.
Супрацоўніца Міністэрства адукацыі: Блянкі ў нас дзьвюхмоўныя, але на якой мове іх запаўняць, кожны вырашае сам. Я вам скажу, што пераважае расейская.
Паводле ўладаў, галоўнаю падставаю існаваньня ў Беларусі дзьвюхмоўя зьяўляецца факт, што вялікая частка беларусаў штодня размаўляе па-расейску. Аднак варта нагадаць, што падобная сытуацыя назіраецца таксама й ва Ўкраіне, а там кіраўніцтва краіны мэтанакіравана пашырае карыстаньне роднае мовы. З 1 верасьня ўкраінскія кінатэатры павінны паказваць 20% фільмаў, дубляваных па-ўкраінску, а ў наступным годзе гэтая лічба мусіць узрасьці да 50%.
Дзьмітры Гурневіч