• Казулін сочыць за палітычнымі падзеямі ў Беларусі
  • 09.09.2006
Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін нават знаходзячыся ў сьледчым ізалятары не перастае сачыць за палітычнымі й грамадзкімі справамі ў Беларусі. Погляды Аляксандра Казуліна на сёньняшнюю палітычную сытуацыю Беларусі вядомыя найпеш са словаў яго адваката й адкрытага ліста да сябра партыі БНФ Юрыя Хадыкі пра нелегітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі, пра Кангрэс дэмакратычных сілаў і мясцовыя выбары.

У лісьце Аляксандар Казулін зазначае, што 19 верасьня заканчваецца легітымнасьць дзеючага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Да правядзеньня паўторных прэзыдэнцкіх выбараў, паводле Канстытуцыі РБ, кіраваць дзяржаваю павінен прэм’ер-міністар. Казулін не разумее, якім чынам дэмакратычная апазыцыя зьбіраецца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах пасьля падпісаньня нелегітымным прэзыдэнтам загаду аб іх правядзеньні. Лідэр сацыял-дэмакратаў лічыць, што дэмакратычная апазыцыя павінна змагацца з рэжымам так, як рабілі гэта беларускія „майданаўцы” ці актывісты „Партнэрства”. Удзел у мясцовых выбарах будзе праверкаю эфэктыўнасьці створаных структураў і рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмсілаў. У сваім лісьце Казулін закрануў пытаньне Кангрэсу дэмакратыучных сілаў, які, паводле яго, павінен адбыцца да мясцовых выбараў.

Аляксандар Казулін напісаў адкрыты ліст, паколькі няўпэнены, што яго адказ дойдзе да адрасата. Апошнім часам экс-кандыдат у прэзыдэнты мае праблемы зь ліставаньнем. Лісты не дайшлі, у прыватнасьці, да сям'і актывіста „Партнэрства” Мікалая Астрэйкі. Адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч паведаміў, што сям'я былога кандыдата ў прэзыдэнты таксама яшчэ не атрымала зьвестак.

І. Рынкевіч: Па існуючым у сьледчым ізалятары правілам цэнзураваньня тэрмін праверкі карэспандэнцыі складвае тры дні. Зразумела, што не заўсёды так бывае, але, бяручы нават гэта пад увагу, і так скончыліся ўсе магчымыя тэрміны. Многія адрасаты не атрымалі лістоў ад Казуліна, прынамсі ён мне так казаў. Але я маю ўскосныя пацьверджаньні гэтага ад яго блізкіх.

Па закону, яму дазволена сустракацца зь юрыстамі й сям'ёй. Атрымоўваецца, што родныя яго наведваюць прыблізна раз у месяц. Працэс знаходзіцца на этапе касацыйнай скаргі. Паседжаньне суду адбудзецца 19 верасьня а 10 гадзіне ў Менскім гарадзкім судзе. Дадаткова будуць паданыя дзьве скаргі - Казуліна й мая. Там зьмешчана просьба адмяніць прысуд, а справу зачыніць па прычыне адсытнасьці доказаў крымінальнага злачынства. Таксама мы патрабуем, каб на паседжаньні мог прысутнічаць сам Аляксандар Казулін.

Пасьлья таго, як касацыйны суд прыйме рашэньне, яно ўвойдзе ў законную сілу. Калі судзьдзя ня зьменіць прысуду, то экс-кандыдат у прэзыдэнты прафэсар Казулін будзе вымушаны адсядзець 5 з паловаю гадоў у калёніі агульнага рэжыму. Такога прысуду ні адзін рэпрэсаваны грамадзянін Беларусі не атрымоўваў. Але яшчэ існуюць магчымасьці падаць апэляцыю ў іншыя судовыя інстанцыі.


Як паведаміла жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Ірына Казуліна, Аляксандар Казулін адчувае сябе ненайлепш, ён ня мае магчымасьці пазнаёміцца са сваім дыягназам.

Алена Пытэль