- Ці атрымае А. Мілінкевіч прэмію імя Сахарава?
- 09.09.2006
Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч вылучаны кандыдадам на атрыманьне прэстыжнай прэміі імя Сахарава „За свабоду думкі”. Ляўрэата прэміі вызначае Эўрапарлямэнт шляхам галасаваньня. Узнагароду атрымлівае асоба, якая, на думку эўрадэпутатаў, зрабіла вялікі ўклад у галіне абароны правоў чалавека ды асноўных свабодаў.
Кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча на атрыманьне прэміі імя Сахарава прапанавала фракцыя Эўрапарлямэнту – Эўрапейская народная партыя – эўрапейскія дэмакраты. Як заяўляюць чальцы гэтай партыі: прызнаньне прэміі Аляксандру Мілінкевічу было б выразным сягналам для рэжыму Лукашэнкі, што Эўразьвяз не забыўся пра беларускія праблемы. У склад партыі ўваходзяць 268 дэпутатаў.
Зусім нядаўна пра сваю падтрымку Аляксандра Мілінкевіча заявілі таксама польскія эўрадэпутаты.
Януш Анышкевіч, прадстаўнік Польшчы ў Эўрапарлямэнце, які неаднаразова зьяўляўся аўтарам розных ініцыятываў, датычных Беларусі, заяўляе, што асоба Аляксандра Мілінкевіча максымальна пасуе да прэміі, аднак ён разумее, што ўзнагароду „За свабоду думкі” гэтым разам могуць прызнаць прадстаўніку іншай краіны, паколькі два гады таму ляўрэатам прэміі былі таксама беларусы.
Я. Анышкевіч: Я перакананы, што спадар Мілінкевіч максымальна пасуе для атрыманьня прэміі ім. Сахарава за яго годную й нязломную пазыцыю ў барацьбе за дэмакратыю й правы чалавека ў Беларусі. Ён выконвае ўсе умовы. Аднак я баюся, што паколькі два гады таму гэтую прэмію здабыла Беларуская асацыяцыя журналістаў, то цяпер хтосьці можа запрапанаваць, каб узнагароду атрымаў прадстаўнік іншае краіны. Польскія дэпутаты падтрымліваюць кандыдатуру Мілінкевіча, але, на жаль, нас усяго толькі 54 асобы, а ў парлямэнце працуе больш за 730. І наш голас хутчэй ня будзе вырашальным у гэтым галасаваньні. Трымайма пальцы за Мілінкевіча, але ня варта расчароўвацца, калі гэтая прэмія дастанецца камусьці іншаму.
Лічыць польскі намесьнік старшыні Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцьвіна пагаджаецца, што Аляксандар Мілінкевіч – асоба, вартая гэтай прэміі, і жадае яму посьпеху.
Ж. Ліцьвіна: Я была б вельмі ўсьцешная, каб гэтую ўзнагароду ўручылі Аляксандру Мілінкевічу. Самае важнае ў гэтай прэміі, што краіны Эўропы дэманструюць падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.
Прэмія імя Сахарава была ўстаноўленая Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе. За васямнаццацігадовую гісторыю ўзнагароды яе ляўрэатамі сталі Ібрагім Ругова, Аляксандар Дубчак, Нэльсан Мандэла, арганізацыя „Рэпартэры бязь межаў” ды іншыя.
Дзьмітры Гурневіч