- "Гучы, роднае слова" без роднага слова
- 12.09.2006
Беларускія пісьменьнікі зьяўляюцца непажаданымі гасьцямі на літаратурных імпрэзах у культурных і адукацыйных установах сваёй жа краіны. Чальцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які ўлады нядаўна пазбавілі будынку Дому літаратара ў Менску, усё часьцей сустракаюцца з праблемамі ўдзелу ў літаратурных вечарынах, якія ладзяцца адмыслова для беларускіх школьнікаў.
З падобнай праблемаю сутыкнулася полацкая суполка ТБМ пры арганізацыі іпрэзы “Гучы, роднае слова”. Мясцовыя ўлады параілі арганізатарам вечарыны не запрашаць на сьвята народнага пісьменьніка Беларусі, урадждэнца Полаччыны Генадзя Бураўкіна, які якраз у тыя дні сьвяткаваў 70-гадовы юбілей.
Самаму сп. Бураўкіну пра гэты факт невядома, паколькі запрашэньня на імпрэзу ён не атрымліваў, але чуў пра намеры правесьці такую імпрэзу зь яго ўдзелам.
Г. Бураўкін: Адносна канкрэтнага выпадку ў Полацку я, напрыклад, нічога ня ведаю, бо запрашэньня не было. Аднак напярэдадні да мяне даходзілі чуткі, што паколькі я сам з Полаччыны, гэта мая любімая зямля, то мяне зьбіраюцца запрасіць на нейкую імпрэзу. Але запрашэньня не было, і так, насамрэч, то я ня ведаю, ці яно павінна было быць.
Народны пісьменьнік прызнаецца, што беларуская гісторыя памятае падобныя факты з 30-х гадоў мінулага стагодьдзя.
Г. Бураўкін: Я не магу гэтага ўспрымаць без хваляваньня. Гэта нешта нялюдзкае. Ёсьць і ў пісьменьнікаў свае сымпатыі, антыпатыі, ёсьць разыходжаньні па літаратурных пытаньнях і ня толькі, але такога, каб пісьменьнікаў, чыя творчасьць яшчэ вывучаецца ў школьнай праграме, не пускалі ў школы, бадай у Беларусі не было пасьля сумных 30-х гадоў.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч заяўляе, што яшчэ год таму міністар адукацыі Беларусі выдаў распараджэньне, згодна зь якім літаратурныя сустрэчы ва ўстановах адукацыі й культуры могуць адбывацца выключна з удзелам чальцоў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца.
А. Пашкевіч: Прыкладна год таму міністар Радзькоў выдаў распараджэньне, якое дайшло ў кожны раён. У гэтым распараджэньні ён запатрабаваў ад дырэктароў школаў, ВНУ, бібліятэк не дапусьціць да сустрэч з чытачамі сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Асобным пунктам там пазначана наступнае: усе сустрэчы, якія будуць адбывацца, неабходна ўзгадняць з чальцамі праўрадавага саюзу пісьменьнікаў. Маецца факт забароны сустрэчы народнага пісьменьніка Ніла Гілівеча са студэнтамі Гомельскага ўнівэрсытэту. Сустрэча ў выніку адбылася на вуліцы.
Варта таксама прыгадаць, што беларускія ўлады прызначылі спэцыяльныя грашовыя сродкі на ўтрыманьне новай пісьменьніцкай арганізацыі, а ўрад Беларусі мае прызначыць на мэты новага саюзу адпаведнае месца ў бюджэце на наступны год.
Дзьмітры Гурневіч