• "Вялікі джынсавы фэст" адбудзецца ў суботу
  • 12.09.2006
Менгарвыканкам даў афіцыйны дазвол на правядзеньне “Вялікага джынсавага фэсту” - акцыі, якая мае на мэце ўшанаваць памяць зьніклых ў Беларусі палітыкаў, а таксама выказаць салідарнасьць са зьняволенымі актывістамі дэмакратычнага руху ў краіне. У рамках імпрэзы адбудзецца мітынг і канцэрт беларускіх выканаўцаў.

“Вялікі джынсавы фэст” пройдзе як чарговая акцыя Салідарнасьці, якую беларусы й салідарныя зь беларусамі жыхары іншых краінаў адзначаюць 16-га кожнага месяца. Арганізатарамі мерапрыемства зьяўляюцца чалец партыі БНФ Віктар Івашкевіч ды грамадзкія актывісты Аляксей Шыдлоўскі й Павал Юхневіч. Акцыя мае адбыцца на пляцы Бангалёр у беларускай сталіцы. Плянавалася, што збор удзельнікаў імпрэзы адбудзецца ля будынку Нацыянальнай Акадэміі Навук, адкуль мела распачацца шэсьце да месца правядзеньня мітынгу й канцэрту. Аднак менскія гарадзкія ўлады не дазволілі арганізатарам праводзіць шэсьце, спаслаўшыся на закон, якія забараняе арганізоўваць масавыя мерапрыемствы бліжэй за 200 мэтраў ад станцыі мэтро.

Адзін з арганізатараў фэсту Аляксей Шыдлоўскі распавядае пра мэты й задачы суботняй імпрэзы.

А. Шыдлоўскі: 16 верасьня 1999 году зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, па ўсёй Беларусі адбываецца Дзень Салідарнасьці. Менавіта да гэтага мы прымеркавалі нашае мерапрыемства. Мы хочам нагадаць грамадзтву пра зьнікненьні вядомых беларускіх грамадзкіх дзеячоў.

Падчас імпрэзы адбудуцца й сюрпрызы, якія арганізатары трымаюць пакуль у таямніцы. Аляксей Шыдлоўскі дадае, што ахвотных выступіць на канцэрце зьвярнулася так шмат, што арганізатары мусяць правесьці адмысловы адбор, каб вызначыць, хто ўсё ж зможа выступіць падчас чатырохгадзіннага канцэрту на пляцы Бангалёр.

А. Шыдлоўскі: Прыйшло столькі заяваў, што за чатыры гадзіны ўсе выступіць не пасьпеюць. Будзем адбіраць. Будуць таксама й сюрпрызы, пра якія мы пакуль не сьпяшаемся казаць. Найперш выступяць палітыкі - Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, ну й магчыма хтосьці з новай плыні. Пасьля распачнецца канцэрт і працягнецца да 20.00.

Арганізатары “Вялікага джынсавага фэсту” просяць тых, хто плянуе наведаць суботняе мерапрыемства, прыходзіць на 16.00 непасрэдна на пляц Бангалёр, а не, як раней паведамлялася, да будынку Акадэміі Навук.

Дзьмітры Гурневіч