• "Плошча Каліноўскага"
  • 13.09.2006
"Плошча Каліноўскага"- гэта працоўная назва фільму пра беларускую моладзь, які здымае Юры Хашчавацкі. Дакумэнтальная стужка мае паказаць матывы, якія прывялі моладзь на плошчу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Рэжысэр задае сабе й гледачам пытаньне, што аб’ядноўвае моладзь зь вялікіх гарадоў ды малых населеных пунктаў дзесьці ў беларускай глыбінцы. А таксама як людзі, якія жывуць у маленькай вёсачцы, ставяцца да праблемаў дэмакратыі й пераменаў Беларусі.

Аналізуючы апошнія падзеі, я зразумеў, што трэба рабіць фільм пра беларускую моладзь,- кажа рэжысэр фільму Юры Хашчавацкі.

Юры Хашчавацкі: Мяне вельмі зацікавілі гэтыя маладыя людзі, якія прыйшлі на плошчу, якія змагаліся за сваю будучыню, якія вытрымалі. Яны ўсё гэта рабілі з такою маральнаю вытрымкай! Чаго нельга сказаць пра пазыцыю ўлады. Мне было вельмі цікава назіраць за гэтымі падзеямі.Таксама вельмі цікава было пазнаёміцца з гэтымі людзьмі, даведацца, чым яны дыхаюць, як уяўляюць сабе сваю будучыню, што прывяло іх на плошчу й чаго яны хочуць ад жыцьця. Вось менавіта ўсё гэта й паспрыяла таму, што я пачаў працу над фільмам.

Сярод галоўных герояў - маладая дзяўчына Даша, якая ўвесь час знаходзілася ў палатачным гарадку на плошчы, лідэр "Маладога Фронту" Павал Севярынец, які знаходзіцца на гэтак званай "хіміі" ў Віцебскай вобласьці, а таксама сваякі раптоўна зьніклых палітычных дзеячаў і журналістаў, між іншым, Сьвятлана Завадзкая.

Паўла Севярынца нават ня трэба было спэцыяльна выбіраць. Гэты малады чалавек ужо ўвайшоў у палітычныя структуры й мяне цікавіў ягоны пункт гледжаньня адносна будучыні краіны, - мяркуе рэжысэр.

Юры Хашчавацкі: Я паехаў да яго на "хімію" й здымаў скрытаю відэакамэрай, каб ня мець праблемаў. Мы вельмі цікава пагутарылі. Ён мне распавёў пра выбары, пра свае адносіны зь мясцовым насельніцтвам. Людзі яго вельмі падтрымліваюць. А таксама я хацеў знайсьці героя, які аказаўся на плошчы амаль выпадкова. І мне патрапілася цудоўная дзяўчына Даша. Яна ніколі не займалася палітычнаю дзейнасьцю, ніколі ня ўдзельнічала ў дэманстрацыях і трапіла на плошчу. Яна мне распавядала, як там усё адбывалася. Ведаеце, гэтыя тры дні й тры ночы на плошчы навучылі моладзь мужнасьці. Яны распавядаюць пра тое, чым для іх была плошча - трамплінам, зь якога яны могуць вельмі высока ўзьляцець, а таксама атрымаць сілы й энэргію на будучае.

Юры Хашчавацкі мяркуе, што кінастужку сустрэне такі ж лёс, як і фільм "Звычайны прэзыдэнт".

Юры Хашчавацкі: Ужо прайшло 10 гадоў, як я зрабіў "Звычайнага прэзыдэнта". Мяне ўсе пыталіся, калі будзе працяг. Я адказваў, што нічога не мяняецца й нічога не адбываецца. Можна зрабіць працяг, але нічога новага ў ім ня будзе. А вось вясною я адчуў, што адбываюцца цікавыя падзеі й надыходзяць вялікія перамены. У краіне зьявілася новая сіла, вельмі цікавая сіла. Гэта моладзь, якая думае інакш, якая мае іншыя каштоўнасьці - яны маюць свае погляды й не баяцца іх адстойваць. Валодаюць прыгожаю беларускаю мовай, і добра ведаюць сваю гісторыю й хочуць адрадзіць беларускую культуру, нягледзячы на ўсе перашкоды з боку ўлады.

Праглядаючы стужку, можна натрапіць на шэраг крылатых выразаў "Усенародна выбранага Прэзыдэнта", між іншым, пра разьвіцьцё сельскай гаспадаркі ды вершы Васіля Быкава.

Юры Хашчавацкі ўпэўнены, што "Плошча Каліноўскага" - гэта ня нудная дакумэнталістыка, а сапраўднае выдатнае ігравое кіно.

Караліна Русіновіч