- Гадавіна сьмерці Ежы Гердойця
- 14.09.2006
Шэсьць гадоў таму 14 верасьня 2000 году памёр Ежы Гедройць – сузаснавальнік Літаратурнага інстытуту Maisons-Laffitte ля Парыжа.
Літаратурны інстытут - гэта адна з найбольш вядомых польскіх выдавецкіх установаў за мяжой, дзе з 1947 году выходзіў найважнейшы часопіс польскай эміграцыі „Культура”.
На старонках парыскай „Культуры” публікавалі вядомыя польскія інтэлектуалы, забароненыя ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Гаворка ідзе пра Юзэфа Чапскага, Вітальда Гамбровіча, Чэслава Мілаша ды іншых прадстаўнікоў эпохі.
Ежы Гедройць аказваў Польшчы й палякам вялікую дапамогу. Ён шматразова выказваў сваю падтрымку для незалежніцкай ідэі, заахвочваў да стварэньня арганізаванай дэмакратычнай апазыцыі, падтрымліваў чальцоў нелегальных арганізацыяў: Камітэту абароны рабочых, Руху абароны правоў чалавека й грамадзяніна, Канфэдэрацыі незалежнай Польшчы.
Ён таксама падтрымліваў страйкі, якія прайшлі ў краіне ў жніўні 1980 году. Апрача таго, у пэрыяд дзейнасьці руху „Solidarność” парыская „Культура” была важным цэнтрам падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі.
Ежы Гедройць да канца свайго жыцьця застаўся гэтак званым жывым сумленьнем народу. Таксама ў 90-х гадох рэдактар часта крытыкаваў палітычныя эліты ў Польшчы.
„ Паводле мяне, адзіным спосабам паляпшэньня сытуацыі Польшчы зьяўляецца зьмена цяперашніх палітычных элітаў. Гэта павінна адбыцца незалежна ад факту іх левай ці правай арыентацыі ,” - гаварыў Ежы Гедройць.
У сваю чаргу ў інтэрвію грамадзкаму Польскаму радыё ў 1995 годзе, перад 50 гадавінай заканчэньня Другой усясьветнай вайны, Ежы Гедройць нагадаў пра неабходнасьць наладжаньня адпаведнага характару адносінаў з Расеяй і Нямеччынай.
„ Жыцьцё пачалося нанава, а нашай асноўнай задачай зьяўляецца нармалізацыя адносінаў як з Расеяй, гэтак і зь Нямеччынай. На гэта мы павінны накіраваць нашыя намаганьні. Тым ня менш мінулы пэрыяд павінен быць зачынены. Мы ня можам на гэта закрываць вачэй,” - гаварыў у 1995 годзе галоўны рэдактар парыскай „Культуры”.
Нагадваем, што Ежы Гедройць памёр 14 верасьня 2000 году ў Maisons-Laffitte ва ўзросьце 94 гадоў. Згодна з пастановай польскага Сэйму, 2006 год абвешчаны Годам Ежы Гедройця. 27 ліпеня палякі адзначалі 100-ю гадавіну з дня яго нараджэньня.
Анна Задрожна