• Інтэрвію з эўрадэпутатам Богданам Кліхам
  • 14.09.2006
На мінулым тыдні ў рамках Эканамічнага форуму, які прайшоў у польскім курортным гарадку Крыніца, адбыліся дэбаты “Беларусь паміж Расеяй і Эўропай.Эканамічныя й палітычныя пэрспэктывы”. Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі беларускай апазыцыі, навукоўцы з Расеі й Нямеччыны, дэпутаты Эўрапарлямэнту. Адным з удзельнікаў дыскусій быў старшыня групы па пытаньнях Беларусі Эўрапейскага парлямэнту Богдан Кліх. З палітыкам гутарылі журналісты Радыё Палёнія Галіна Остас і Валера Саўко.

Якія высновы Вы можаце зрабіць пасьля дыскусіі?

Кожны бок прадставіў свой пункт погляду, датычны адносін паміж Беларусьсю й Расеяй, а таксама будучых стасункаў паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам. Мяне крыху зьдзівіла, што двое ўдзельнікаў сустрэчы выказалі меркаваньне, што Аляксандар Мілінкевіч ня мае права называцца лідэрам аб’яднанай апазыцыі. Паводле іх, ён быў выбраны толькі ў якасьці супольнага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары.

Калі гаварыць пра адносіны паміж Беларусьсю й Расеяй, то асноўнае пытаньне – хто найбольш выкарыстоўвае саюз паміж абедзьвюма краінамі ў эканамічным аспэкце? І ці ўвогуле такіх саюз існуе? Бясспрэчна, Беларусь на гэтым выігрывае. Нейкі час таму нават міністр Грэф сказаў, што Беларусь увяла шматлікія забароны на экспарт расейскіх тавараў.
А іншае пытаньне: якія крокі павінен прадпрыняць Эўрапейскі Зьвяз у адносінах да Беларусі ў будучыні? Адзін з выступоўцаў запрапанаваў гэтак званы мягкі падыход да супрацоўніцтва зь Беларусьсю, гэта значыць – эканамічны й палітычны дыялёг з афіцыйным Менскам, не адмаўляючыся адначасова ад кантактаў з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. Я з насьцярогай падыходжу да згаданай заявы, хоць у палітыцы магчымасьці дыялёгу ні зь кім нельга выключыць. Аднак каб пачаць згаданы дыялёг, Аляксандар Лукашэнка й яго адміністрацыя павінны выканаць асноўныя ўмовы, якія азначалі б пачатак дэмакратычнай трансфармацыі ў краіне.

Падчас дыскусіі гаворка ішла пра магчымае павышэньне цэн на расейскі газ і нафту для Беларусі. Але ці Расея можа гэта сабе дазволіць? Падняўшы цэны, Крэмль страціць апошняга саюзьніка на постсавецкай прасторы.

На сустрэчы таксама гаварылася, што павышэньне цэн – гэта пачатак канца ўлады Аляксандра Лукашэнкі?


З апошнім сьцьцверджаньнем я цалкам згаджаюся. Такога тыпу апэрацыя з боку Расейскай Фэдэрацыі азначала б у хуткім часе завяршэньне кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Гэта разумеюць палітыкі ў Крамлі й задаюць пытаньне: што ўзамен, хто ўзамен і хто дасьць гарантыю на тое, што наступны кіраўнік Беларусі будзе блізка супрацоўнічаць з Расеяй гэтак жа, як Аляксандар Лукашэнка. Я думаю, што калі Крэмль ня знойдзе кандыдата такога ж пракрамлёўскага як Аляксандар Лукашэнка, дык Расея стрымаецца з радыкальнымі крокамі, таму што павышэньне цэн на энэрганосьбіты азначае канец датацый для беларускай эканомікі.

Але выказваюцца таксама й іншыя думкі. Пасьля павышэньня цэн на газ і нафту ў Беларусі ўзмоцняцца антырасейскія настроі, а пазыцыя беларускага лідэра як абаронцы нацыі ад расейскага імпэрыялізму павялічыцца.

Так, толькі што Аляксандар Лукашэнка павінен разумець, што нельга займацца палітыкай у абсалютнай ізаляцыі. Беларусь ізалявана ў большасьці краін свабоднага сьвету, і калі спыніцца падтрымка з боку вялікага ўсходняга суседа, дык Беларусь акажацца ў поўнай ізаляцыі. А гэта ў пэрспэктыве азначае канец кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Палітык павінен быць стратэгам і павінен разумець, што нельга займацца палітыкай у поўнай ізаляцыі.

У студзені бягучага году Нямеччына пачне старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе. Бэрлін ужо сёньня запрапанаваў новы вэктар эўрапейскай палітыкі ў адносінах да Ўсходняй Эўропы. Ці гэта азначае павелічэньне падтрымкі беларускай апазыцыі й няўрадавых арганізацый?

Я з задавальненьнем назіраю за эвалюцыяй нямецкай палітыкі ў адносінах да нашых усходніх суседзяў – спачатку да Ўкраіны, а цяпер і Беларусі. Паўстае таксама пытаньне, якім чынам на практыцы будзе адбывацца рэалізацыя згаданага вэктару? Нельга забываць, што Нямеччына вельмі цесна супрацоўнічае з Расеяй.

Я задаволены, што эўрапейскія палітыкі падтрымалі Польшчу, якая даўно прапанавала стварэньне вэктару ўсходнеэўрапейскай палітыкі Эўразьвязу. Такім чынам, павольна, але палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі ўсё ж мяняецца. Празь некалькі дзён я прыму ўдзел у паседжаньні Эўрапейскай камісіі, на якім будзе разглядацца пытаньне стварэньня шырокай праграмы па інфармаваньні беларускага грамадзтва. Эўракамісія зразумела сваю ранейшую памылку, калі вырашыла фінансава падтрымліваць толькі адну радыёстанцыю замест некалькіх, намнога больш вопытных.

Дзякуем за гутарку.

Галіна Остас, Валера Саўко, Радыё Палёнія, Крыніца-Варшава