- Акцыя „Прыбіраньне сьвету”
- 15.09.2006
"Сьвет сам ня справіцца, таму трэба сартаваць сьмецьце" – гэта адзін з дэвізаў сёлетняй 13 акцыі Прыбіраньне сьвету. Ад сёньняшняга дня да нядзелі больш за мільён валянтэраў у цэлай Польшчы будзе прыбіраць сваё бліжэйшае навакольле.
Старшыня фундацыі "Нашая зямля" Міра Станіслаўска-Мэйштовіч заяўляе, што ў сёлетняй акцыі бяруць удзел таксама дыпляматычныя прадстаўнікі, м.ін. Аўстраліі, Новай Зэляндыі, ЗША, Шры-Ланкі ды Грэцыі.
Міра Станіслаўска-Мэйштовіч: Мы будзем прыбіраць Варшаву, Польшчу й сьвет. А сёлета гэта тым больш важная акцыя, бо мы запрасілі амбасадараў, акрэдытаваных у Варшаве, каб разам навесьці парадак на беразе Віслы. Вядома ж, калі мы прыбіраем нейкі невялікі кавалачак тэрыторыі побач з сабой, мы быццам бы прыбіраем сьвет.
Як падкрэсьліла Міра Станіслаўска-Мэйштовіч, у акцыі найбольш ахвотна ўдзельнічаюць дзеці.
Міра Станіслаўска-Мэйштовіч: Нам вельмі залежыць на тым, каб ад самых малодшых гадоў дзеці вучыліся новым узорам паводзінаў, бо гэта будуць новыя дарослыя, якія ня будуць вывозіць сьмецьця ў лес, будуць сартаваць адпадкі ў сябе дома. Неабходна разумець, што гэта вельмі каштоўная другасная сыравіна, якую можна яшчэ раз пераапрацаваць. Яны будуць ашчаджаць энэргію, ваду.
У Польшчы дзейнічае таксама рэсацыялізацыйная праграма "Прысуджаныя да экалёгіі". У ейных рамках вязьні прыбраюць паркінгі й вуліцы ў многіх гарадох краіны.
Барбара Альшэўска з гарадзкой управы Ольштына таксама далучаецца да заклікаў эколягаў і прыгадвае, што гарадзкія ўлады выдаюць адмысловыя мяшкі на сьмецьце ды запэўніваюць вываз адпадкаў.
Барбара Альшэўска: Мы прапануем зацікаўленым асобам месцы, якія варта было б прыбраць, даем таксама мяшкі розных памераў – малыя, сярэднія й вялікія. Найчасьцей зьвяртаюцца да нас прадстаўнікі школаў. Пэўна, як і ў папярэдніх гадох, прыбіраць будзе моладзь. А мы запрашаем усіх жыхароў, для ўсіх хопіць мяшкоў.
Да акцыі традыцыйна далучыліся польскія скаўты – гарцэры, гаворыць Эмілія Баркоўска з Вармінска-Мазурскага аддзяленьня скаўтынгу.
Эмілія Баркоўска: Атрад Родла ў Царкеўніку ладзіць 3-дзённы бівак, у часе якога адбудзецца гульня на адкрытым паветры, прысьвечаная прыбіраньню ваколіцаў Царкеўніка. Гарцэры з вармінскага атраду таксама будуць рабіць сходы ў лесе, прыбіраць сьмецьце ды яго сартаваць.
Ва Ўроцлаве да прыбіраньня сьвету далучыліся роварнікі.
У нядзелю ў варшаўскім парку Поле Макатоўскае адбудзецца сямейны пікнік, у часе якога адбудзецца фінал агульнапольскае акцыі Прыбіраньня сьвету.
Нагадаем, акцыя Прыбіраньне сьвету нарадзілася ў 1989 г. у Аўстраліі. Цяпер яна праходзіць у 120 дзяржавах сьвету, якія прыбіраюць каля 30 млн асобаў.
Эльвіра Богдан