• Царква дамагаецца вяртаньня нерухомасьці ў Ломжы
  • 15.09.2006
Праваслаўная царква ў Польшчы дамагаецца вяртаньня былой уласнасьці. Апошнім часам польскія СМІ агучваюць патрабаваньне мітрапаліта Беластоцка-Гданьскай епархіі епіскапа Якава, які дамагаецца вяртаньня трох нерухомасьцяў у горадзе Ломжа. Гэта частка плошчы Яна Паўла Другога, каталіцкі храм і будынак ваенкамату. Праваслаўная царква была ўласьнікам гэтых нерухомасьцяў у часы расейскага панаваньня на гэтых землях у выніку падзелаў Польшчы.

Айцец Анатоль Шыманюк, прэс-сакратар мітрапаліта Якава, падкрэсьлівае, што польскі закон дазваляе ўсім канфэсіям дамагацца вяртаньня маёмасьці.

А. Анатоль Шынманюк: Існуе закон з 1991 году пра адносіны польскай дзяржавы да Праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы, які дазваляе патрабаваць вяртаньня маёмасьці, што была ў міжваенны альбо пасьляваенны пэрыяд адабраная царкве. У сувязі з гэтым ня толькі Праваслаўная царква, але й іншыя канфэсіі маюць магчымасьць старацца вярнуць маёмасьць. У Ломжы былі праваслаўныя вернікі, быў праваслаўны храм, які стаў уласнасьцю польскай дзяржавы, потым Рыма-каталіцкага касьцёла. І Праваслаўная царква скарысталася магчымасьцю, якую дае польскае заканадаўства.

Нагдаем, царква выступіла з патрабаваньнем вярнуць будынак, у якім цяпер знаходзіцца каталіцкі храм. Аднак айцец Анатоль Шыманюк тлумачыць, што царква не намерваецца забраць у каталіцкіх вернікаў іх касьцёл.

А. Анатоль Шыманюк: У законе гаворыцца, што калі нерухомасьць зьяўляецца ўласнасьцю Каталіцкага касьцёла, то існуе магчымасьць вызначэньня нерухомасьці ўзамен. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб адабраць храм, але ў тым, каб горад даў іншую нерухомасьць. Рэгуляцыйная камісія ў Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністырацыі на падставе дакумэнтаў, якія былі сабраныя, вырашыць, ці нам належыць, ці не нерухомасьць узамен. Мы ня маем прэтэнзіяў дакладна да гэтага храму. І таму няма магчымасьцяў, каб гэтая справа выклікала канфлікт паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі.

Праваслаўная царква, хоць ня лічыць сябе спадкаемцам Рускай праваслаўнай царквы, то ўсё ж такі будзе даказваць свае правы на маёмасьць царскай царквы ў Ломжы.

А. Анатоль Шыманюк: У міжваенны пэрыяд праваслаўныя ў Польшчы падлягалі ўладам Расейскай царквы. Але калі ўзьнікла незалежная польская дзяржава, Праваслаўная царква дабілася сувэрэнітэту, і ў 1924 годзе стала незалежнай Праваслаўнай аўтакефальнай царквой у Польшчы без аніякай вонкавай залежнасьці.

У Ломжы праваслаўная дыяспара невялікая. Праваслаўнага храму ў горадзе няма. Вернікі вымушаны адпраўляцца на службу ў Беласток. І таму мітрапаліт Беластоцка-Гданьскай епархіі епіскап Якаў вырашыў дамагацца вяртаньня маёмасьці, якая калісьці была ўласнасьцю царскай Праваслаўнай царквы ў Ломжы.

Справу рагледзіць Рэгуляцыйная камісія Мінісэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Аднак Марыя Мэндкоўска з Дэпартамэнту веравызнаньняў МУС кажа, што гэта складаны й доўгі працэс.

М.Мэндкоўска: 23 чэрвеня 2006 году мы прынялі дакумэнты. Пачаўся разгляд справы, але нічога пакуль не адбываецца й пэўны час адбывацца ня будзе. Вызначэньне тэрміну разгляду справы адбудзецца празь нейкі час, але напэўна ня ў гэтым годзе. Найраней у 2007.

Той, хто выступае з просьбай, называе ўдзельнікаў справы. У гэтым выпадку ўдзельнікамі зьяўляюцца мясцовыя ўлады Ломжы: войт і стараста, ды падляскі ваявода. Рэгуляцыйную камісію складаюць 4 асобы: дзьве прадстаўляюць царкоўны бок і дзьве МУС. Кожны бок тлумачаць сваю рацыю. Той, хто ўносіць просьбу, павінен даказаць юрыдычна свае правы. Працэс можа працягвацца вельмі доўга. Некаторыя справы разглядаюцца 2-3 гады.


Праваслаўная царква ў Польшчы дамагаецца вяртаньня маёмасьці ня толькі ў Ломжы. У Рэгуляцыйную камісію ўнесла дакумэнты, датычныя нерухомасьцяў, між іншым, у Лодзі, Беластоку, Слубіцах, Стапніцы, Кельцах і ў Радаме.

Ялянта Сьмялоўская