- "Дарожная мапа" для беларускага бізнэсу
- 16.09.2006
Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў апрацаваў “Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі”, разьлічаную на 2006-2007 гады. У згаданым праекце ўтрымліваюцца прапановы па рэфармаваньню беларускай эканомікі, фінансавай і падатковай сыстэмы, што павінны спрычыніцца да лепшых умоваў вядзеньня бізнэсу ў краіне. Валера Саўко гутарыць са старшынём саюзу Ўладзімірам Карагінам.
Уладзімір Карагін: У сакавіку мы адзначылі 20-годзьдзе беларускага бізнэсу, адраджэньня беларускага прадпрымальніцтва пасьля 70-гадовага перапынку. Да гэтай даты мы падрыхтавалі праект, прычым распрацоўшчыкамі гэтага праекту сталі самі беларускія прадпрымальнікі – каля 15 тыс. кіраўнікоў, заснавальнікаў фірмаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Мы падрыхтавалі й прадставілі грамадзтву праект “Нацыянальная плятформа бізнэсу Беларусі”, абмеркаваўшы самыя важныя праблемы, якія перашкаджаюць у разьвіцьці беларускага бізнэсу. Мы выпрацавалі сцэнар, як мы бачым беларускі бізнэс, як мы бачым шляхі яго разьвіцьця, павышэньня яго ролі ў грамадзтве. На сёньняшні дзень існуюць дзясяткі праблемаў беларускага бізнэсу, а ў нашай “Нацыянальнай плятформе” мы адлюстравалі 6 асноўных. Гэта ўсё, што зьвязана з рэальнай абаронай прыватнай уласнасьці ў Беларусі, усё, што зьвязана з парушэньнем 13-га артыкулу беларускай Канстытуцыі пра роўнасьць формаў уласнасьці. Гэта перашкаджае разьвіцьцю бізнэсу й дзелавога клімату. Па-другое, сыстэма падаткаабкладаньня, якая, безумоўна, павінна карэнным чынам быць зьмененая. Паводле ацэнак Міжнароднага банку, сёньня сыстэма падаткаабкладаньня ў Беларусі знаходзіцца на 129 месцы ў рэйтынгу. Гэта ганебнае месца для нашай краіны й нашага бізнэсу. Такім чынам бізнэс, які яшчэ ня мае капіталу, жорстка абдзіраецца, абдзіраецца яго будучыня, і мы лічым, што неабходна ўнесьці істотныя зьмены ў падатковую палітыку нашай дзяржавы.
Адной з праблемаў зьяўляецца надзвычай рэпрэсіўны характар нашага заканадаўства ў галіне рэгуляваньня бізнэсу. Гэта штрафы, пакараньні, 104 кантралюючыя арганізацыі могуць умяшацца ў дзейнасьць прадпрыемства, пакараць, пазбавіць сродкаў, а часам пасадзіць дырэктара альбо заснавальніка. Такія факты існуюць у многіх пастановах, рашэньнях, што перавышае ўсе разумныя межы. Крок улева, крок управа – 200 базавых велічынь – некалькі тысяч даляраў дырэктар павінен заплаціць штраф. Такіх зарплат і прыбытку нашыя дырэктары не атрымліваюць. Мы заклікаем урад адумацца й сур’ёзна памяняць законы. Нават у савецкія часы дырэктар мог быць пакараны штрафам у памеры 1\3 акладу. І гэта ў савецкі, жорскі час.
Ці Вы накіравалі прапанову зьменаў уладам Беларусі?
Уладзімір Карагін: Мы стварылі гэтую плятформу як "дарожную мапу" – мэханізм перамоўнага працэсу. Мы прапануем вельмі канструктыўны падыход – мы ня толькі патрабуем акрэсьленых пазыцый, але канкрэтна прапануем, як гэта зрабіць. Больш таго, мы падрыхтаваны ўзяць на сябе большую частку адказнасьці па правядзеньні такога роду інфармацыі. Магчыма, што ня ўсе людзі ва ўладзе ўспрымаюць гэта пазытыўна, але вельмі многа людзей гэта ўспрымаюць, адабраюць і падтрымліваюць. Многія ведамствы падкрэсьліваюць, што яны адкрыты на дыялёг. Таму нашая “Нацыянальная плятформа” – гэта ня толькі мэханізм, але й дыялёг з уладай, з тымі людзьмі, якія могуць прымаць рашэньні. Для нас вельмі важна, каб яны гэта ўбачылі, пачулі і ўключыліся ў работу. Таму будзем працаваць, будзем шукаць новыя формы працы. Мы не зьяўляемся пэсымістамі, якія лічаць, што трэба скласьці рукі й нічога не рабіціь.
Дзякую за інтэрвію.
Пра “Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі” распавядаў старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін.
Валера Саўко, БС РП, Варшава