• 5,5 гадоў зьняволеньня для А. Казуліна
  • 19.09.2006
Сёньня прысуд пазбаўленьня волі на 5,5 гадоў былому кандыдату ў прэзыдэнты Аляксандру Казуліну ўвайшоў у сілу. Такое рашэньне было прынятае сёньня ў Менскім гарадзкім судзе. Сам Аляксандар Казулін на паседжаньні не прысутнічаў.

Адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ігар Рынкевіч зазначае, што ніхто не сумняецца – справа мае палітычны характар.

І. Рынкевіч: Прысуду не памянялі – 5,5 гадоў. За такія "злачынствы" ніколі не пазбаўлялі волі, звычайна гэта было абмежаваньне, гэтак званая хімія. Нашыя скаргі таксама не былі разгледжаныя. Мы не мяняем свайго меркаваньня, што гэта неправамоцны суд, які не абапіраўся на працэсуальных патрабаваньнях. Пачалося з таго, што на судзе не дазволілі прысутнічаць самому Казуліну. А ён лічыў, што гэта асноўнае, каб даведацца, ці справа будзе разгледжана аб'ектыўна. Да справы таксама не далучылі фанаграмы судовага працэсу. Такім чынам, выступы абаронцаў аказаліся безвыніковымі.

Сам Казулін лічыць, што яму не патрэбнае зьмяншэньне тэрміну пакараньня. Яго неабходна ўвогуле адмяніць і спыніць крымінальную справу. Яго думкі былі не пра рашэньне суда, але пра тое, што ідуць апошнія гадзіны легітымнасьці Лукашэнкі. Вынясеньне рашэньня па асноўнаму палітычнаму канкурэнту ў гэты момант зьяўляецца сымбалічным. Ён ужо рыхтуе публічную заяву да беларускага народу й міжнароднай супольнасьці пра тое, што Беларусь пераходзіць у іншую гістарычную эпоху, у якой ёй проста неабходная падтрымка міжнароднай супольнасьці.


Прэс-сакратар лідэра сацыял-дэмакратаў Ніна Шыдлоўская кажа, што ўлада ня можа выбачыць Казуліну яго неаднароднасьці й немагчымасьці прадбачыць яго дзеяньні.

Н. Шыдлоўская: Пры ўсёй неадназначнасьці дзеяньня Казуліна, ён стаў палітыкам, які зламаў пэўныя пляны й ход падзеяў улады. Ён ішоў самастойным шляхам. Улада ня можа дараваць Казуліну менавіта яго непрадказальнасьць, яна не магла прадбачыць яго рэакцыю на пэўныя падзеі. Акрамя гэтага, ня можа дараваць асабістыя якасьці моцнага чалавека, які ў сваіх справах гатовы ісьці да канца.

Я не кажу, што ў Беларусі няма іншых палітыкаў, здольных на такія рэчы. Але, на жаль, іх дзеяньні могуць быць прадбачаныя ўладаю. Апазыцыя не зьвяртае ўвагі на свае памылкі й паўтарае іх ізноў. Казулін не гуляў па ніякіх правілах, якія нельга было прадбачыць. Таму ён стаў вельмі небясьпечным для ўлады.


Пасьля сёньняшняга рашэньня суду Аляксандар Казулін 5,5 гадоў правядзе ў калёніі агульнага рэжыму. Абаронцы былога кандыдата ў прэзыдэнты намерваюцца абскардзіць прысуд судзьдзі Рыбакова ў вышэйшых інстанцыях Беларусі й міжнародных інстытуцыях.

Алена Пытэль