- Саюз левых сілаў
- 02.10.2006
1 кастрычніка прайшла міжпартыйная канфэрэнцыя дзьвюх партыяў апазыцыйных левых сілаў Беларусі. Яе зладзілі Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Асноўная мэта сустрэчы палітыкаў дзьвюх груповак - абмеркаваць сумесныя пазыцыі партыяў па пытаньні дзяржаўнага ладу пасьля прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў.
Па словах сакратара Партыі камуністаў Беларускай Алены Скрыган, групоўкі маюць падобны падыход да будучага палітычнага ладу ў Беларусі - гэта павінна быць моцная парлямэнцкая рэспубліка.
А.Скрыган: Гэта была канфэрэнцыя па дзяржаўным кіраваньні ў РБ. Мы дайшлі да высновы, што вялікіх розьніцаў у нашых падыходах няма - мы ўсе выступаем за парлямэнцкую рэспубліку, за моцны ўрад, за падзел уладаў, за вялікія правы мясцовых ворганаў кіраваньня.
Мы разважалі таксама над тым, што можа выклікаць у нас спрэчкі, разьядноўваць - гэта пытаньне ўласнасьці на зямлю, падыход да дзяржаўнай сымболікі, некаторыя эканамічныя пытаньні. Мы дамовіліся, што складзем плян нашай далейшай працы, будзем абмяркоўваць гэтыя спрэчныя пытаньні, каб зблізіць нашыя падыходы.
Ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада даклад прадставіў намесьнік старшыні групоўкі Аляксей Кароль. Нагадаем, што лідэр партыі Аляксандар Казулін знаходзіцца ў зьняволеньні. Як заўважыў Аляксей Кароль у размове з Натальляй Грышкевіч, пераход ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай рэспублікі павінен быць эвалючыйны, а не рэвалюцыйны.
А.Кароль: Нашыя асноўныя пазыцыі супалі - у Беларусі павінна быць парлямэнцкая рэспубліка, а шлях да яе павінен быць эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны. Няма ў Беларусі падставаў да правядзеньня рэвалюцыі. Наша насельніцтва вельмі баіцца перамен, каб яны не прывялі да горшага. Да гэтага ёсьць і гістарычныя, і сучасныя падставы - абвал 90-ых гадоў, страх перад "дзікім" капіталізмам.
Апазыцыя ў рамках таталітарнага рэжыму практычна ня можа дзейнічаць. А тое, што ў нас захавалася апазыцыя - гэта не яе слабасьць, а сіла. Ёсьць у Беларусі наступныя чыньнікі для плаўнага пераходу - наяўнасьць апазыцыі, зьмена настрояў у грамадзтве. І важны таксама трэці фактар - уплыў і Захаду, і Ўсходу.
Мы вырашылі на канфэрэнцыі, што будзем праводзіць тлумачальную працу ў насельніцтве, праводзіць кансультацыі з палітыкамі як Захаду, так і Ўсходу, і старацца прыцягнуць на свой бок намэнклятуру, якая таксама незадаволеная становішчам у краіне.
Мы таксама вырашылі, што неабходна скарыстацца прыкладам Польшчы й Летувы, дзе дэмакратычныя сілы здолелі аб'яднацца.
Натальля Грышкевіч