- Каму карыснае ўвядзеньне візаў для грузінаў?
- 04.10.2006
3 кастрычніка намесьнік дырэктара Фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі Міхаіл Цюркін паведаміў, што яго краіна выступіла з прапановай да Беларусі ўвесьці візавы рэжым з Грузіяй. Расейскі чыноўнік тлумачыць гэта неабходнасьцю супрацьдзеяньня нелегальным эмігрантам з Грузіі, якія карыстаюцца адсутнасьцю мяжы паміж Беларусьсю й Расеяй.
Ці сапраўды прапанова ўвядзеньня візы для грамадзянаў Грузіі выклікана выключна ростам колькасьці нелегальных імігрантаў? Больш як месяц таму Беларусь і Расея стварылі супольную базу дадзеных асобаў, уезд якіх зьяўляецца непажаданым на тэрыторыю гэтак званай “саюзнай дзяржавы”. У дадзены сьпіс трапіла больш за 800 грамадзянаў Грузіі. Паводле словаў міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, у 65% выпадкаў прозьвішчы асобаў былі ўнесеныя па просьбе расейскага боку. Аднак пра выключна антыіміграцыйныя мэты Расеі ў гэтай гісторыі сьведчыць той факт, што менавіта 3 кастрычніка Расейская Фэдэрацыя спыніла чыгуначную, паветраную, аўтамабільную ды марскую сувязь з Грузіяй. Цяпер з Расеі ў Грузію немагчыма нават даслаць звычайны ліст.
Канфлікт распачаўся на мінулым тыдні, калі ў Тбілісі арыштавана 5 расейскіх вайскоўцаў, 2 зь якіх былі абвінавачаныя ў шпіянажы на карысьць Расеі. Масква назвала гэты інцыдэнт правакацыяй і адклікала з Тбілісі свайго пасла.
Праблемы Масквы з Тбілісі працягваюцца ўжо каля году. Іх прычынаю сталіся спрэчкі вакол уплываў на сытуацыю ў Абхазіі.
Такім чынам прапанову Расеі да ўладаў Беларусі немагчыма разглядаць выключна як крок супраць нелегальных імігрантаў з Грузіі. Увядзеньне візаў для грамадзянаў Грузіі было б палітычным крокам з боку Беларусі ў падтрымку саюзьніка.
Гаворыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.
А. Фёдараў: Тэарэтычна гэта, вядома, магчыма, паколькі мы ня маем мяжы з Расеяй. Хутчэй за ўсё ў гэтым канфлікце прысутнічае як палітычны, так і практычны чыньнік. Безумоўна, што гэты канал зь Беларусі невялікі, але факт, што ён існуе. З другога боку, Расея хоча праверыць, як саюзьнік, у тым выпадку Беларусь, спраўляецца са сваімі саюзнымі абавязаньнямі. Эканамічныя адносіны з Грузіяй у нас ня вельмі моцныя, таму ўвядзеньне візаў сур'ёзна не адаб'ецца на двухбаковых адносінах. Тым больш, што яшчэ зусім нядаўна беларусы самі плянавалі ўвесьці візавы рэжым адносна грамадзянаў Грузіі.
Паводле інфармацыі за ліпень 2006 году, расейскія памежнікі затрымалі каля 100 грамадзянаў Грузіі, якія нелегальна спрабавалі ўехаць у Расею празь Беларусь. У 33 выпадках былі распачатыя крымінальныя справы.
Дзьмітры Гурневіч