- Абмен групамі моладзі з Польшчы ды Ізраіля
- 05.10.2006
Абмен групамі моладзі з Польшчы ды Ізраіля дапаможа змагацца з узаемнымі стэрэатыпамі. Гэтак мяркуюць аўтары праекту польска-ізраільскага абмену, наладжанага Музэем гісторыі польскіх габрэяў.
Праект накіраваны да студэнтаў ды вучняў сярэдніх школаў. Спачатку на тры месяцы на стыпэндыю паедуць у Тэль-Авіў польскія студэнты. Васьмёра маладых людзей, якія выяжджаюць 15 кастрычніка, вераць, што нейкім чынам паспрыяюць пашырэньню дыялёгу паміж палякамі й габрэямі.
Раней я прымаў удзел у польска-нямецкай праграме па абмену й бачу, што гэта аказала пазытыўны ўплыў на ўзаемаразуменьне як у Нямеччыне, гэтак і ў нас. Я ўпэўнены, што таксама будзе і ў гэтым выпадку.
Кожнае гэтaга роду дзеяньне стварае нешта станоўчае. Пакуль такіх ініцыятываў няшмат. Мы зьяўляемся свайго роду цаглінкай, зь якіх ствараецца дом, але я спадзяюся, што ў будучыні прычынімся да замацоўваньня сапраўды добрых польска-ізраільскіх адносінаў.
Вясной прыедуць у Польшчу студэнты зь Ізраіля. Арганізатары стараюцца пашырыць праграму экскурсіяў габрэйскай моладзі ў Польшчу, таму што траса наведваньня абмяжоўваецца выключна да шляху галякосту, а паездкі ў Ізраіль маладых палякаў абмяжоўваюцца да сьвятой зямлі - тлумачыць Марта Врубэль - каардынатар праекту:
М.Врубэль: Мы зацікаўлены ў тым, каб кожны ўдзельнік праекту у як мага большай ступені адчуў на сабе культурную адметнасьць. Каб ён уваходзіў у непасрэдны кантакт зь іншым чалавекам. Бо толькі ў такім выпадку магчыма перамагчы стэрэатыпы. Галоўная задача праекту - паказаць жыцьцё, якое заўсёды павінна стаяць вышэй сьмерці.
Праект падабаецца былому Амбасадару Польшчы ў Ізраілі Мацею Казлоўскаму, актуальнаму дарадчыку міністра замежных справаў па пытаньнях польска-габрэйскіх узаемадачыненьняў. Ён перакананы, што менавіта маладыя людзі найбольш пасьпяхова змагаюцца са стэрэатыпамі.
М.Казлоўскі: Асноўная задача ў польска-ізраільскіх стасункаў - гэта ўсталяваньне добрых адносін паміж людзьмі. Нагадаю, што кантакты на дзяржаўным узроўні вельмі добрыя. Трэба пастарацца, каб грамадзяне абедзьвюх краін гэктак добра разумелі адзін аднаго, як прадстаўнікі ўладаў. А гэта зрабіць можна дзякуючы кантактам моладзі зь дзьвюх краін.
Згодна з праектам, польскія студэнты прымуць удзел у занятках у Тэль-Авіўскім унівэрсытэце, дзе вывучаць асновы іўрыту. Заплянаваны таксама сустрэчы з нашчадкамі польскіх габрэяў ды праца на карысьць дабрачынных фундацыяў і ўстановаў. Польскім студэнтам будуць дапамагаць габрэйскія калегі.
Стыпэндысты дапамогуць таксама ў акцыі пошуку ў Ізраілі важных месцаў, якія зьвязаны зь гісторый габрэяў польскага паходжаньня. Акрамя таго, ў ізраільскіх школах заплянавана рэалізацыя праектаў азнаямленьня з Польшчай.
Ялянта Сьмялоўская