- Польскія магілы ў Быкоўні
- 05.10.2006
На могілках у Быкоўні пад Кіевам цягам 3-ох месяцаў працавалі польскія архэолягі, антраполягі й кансэрватары. Дасьледчыкі дакладна вызначылі, дзе разьмешчаныя 20 польскіх магілаў. У іх спачываюць польскія грамадзяне, расстраляныя НКУС. Дагэтуль не было вядома, дзе пахаваныя гэтыя ахвяры.
3 месяцы на могілках у Быкоўні навукоўцы праводзілі эксгумацыю польскіх магілаў. У выніку ўдалося вызначыць памер гэтых могілкаў, - кажа кіраўнік дасьледчыцкай групы прафэсар Анджэй Коля з Торуньскага ўнівэрсытэту.
А.Коля: На 100% нам вядомы памер могілкаў ахвяраў НКУС. Раней былі меркаваньні, што, згодна з загадамі з 1937 г., могілкі займалі 4,5 гектара. Аднак пракладзеная вакол могілак дарога ахоплівала тэрыторыю больш за 5 гектараў. Мы меркавалі, што на ўсёй гэтай плошчы павінны быць магілы. Аднак у выніку дасьледаваньняў аказалася, што магілы займаюць нашмат меншы абшар – каля 1,5 гектара.
Для польскіх дасьледчыкаў найважнейшае тое, што ў выніку працаў удалося вызначыць разьмяшчэньне польскіх магілаў, – падкрэсьлівае прафэсар Анджэй Коля.
А.Коля: У суме пры выкарыстаньні зонду было вызначана 196 магілаў на ўсёй тэрыторыі могілак. Эксгумацыя й дасьледаваньні былі праведзеныя на 65. Аказалася, што сярод іх 20 магіл – польскія. Такім чынам мы эксгумавалі толькі траціну зь іх. Застаецца яшчэ 2/3, сярод якіх, несумненна, будуць яшчэ й польскія магілы.
Паводле меркаваньня сакратара Рады аховы памяці баёў і пакутніцтва Анджэя Пшэвозьніка, дасьледаваньні ў 100% пацьвярджаюць, што ў Быкоўні пахаваныя палякі з гэтак званага ўкраінскага катынскага сьпісу.
А.Пшэвозьнік: Сёньня на падставе нашых дасьледаваньніаў на 100% можна мець упэўненасьць, што ў Быкоўні пахаваная немала група людзей, прозьвішчы якіх зьмешчаныя на гэтак званым украінска-беларускім катынскім сьпісе. Калі ўлічым усе месцы, зьвязаныя з катынскім злачынствам, то, несумненна, побач з Катыньню, Меднае й Харкавам, Быкоўня стане чарговым месцам, дзе ўшануем памяць ахвяраў сталінскага злачынства на тэрыторыі ўсходніх краінаў.
Гэта пацьвярджаюць, між іншым, знойдзеныя на могілках прадметы – кажа прафэсар Анджэй Коля.
А.Коля: Ідэнтыфікацыя адбывалася на падставе прадметаў, знойдзеных у магіле. У выпадку польскіх магілаў гэта былі польскія манэты, вырабленыя да 1939, што адназначна вызначае пэрыяд, калі гэтыя магілы паўсталі. Гэта былі таксама шматлікія прадметы каталіцкага рэлігійнага культу ды вайсковы абутак – бясспрэчна польскі.
Адным з важнейшых вынікаў дасьледаваньняў, праведзеных у Быкоўні, зьяўляецца ідэнтыфікацыя чалавека, закатаванага НКУС.
А.Коля: Мы вызначылі адно прозьвішча, якое было зьмешчана на зубной шчотцы. Гэтая асоба была на ўкраінскім катынскім сьпісе сярод польскіх ахвяраў. Гэта быў падпаручнік Лабаза, перавезены з Львова ў Кіеў, і там ён спачывае.
Цяпер польскія дасьледчыкі павінны дакумэнтаваць і архівізаваць усе знойдзеныя на могілках прадметы. Паводле Анджэя Пшэвозьніка, першы ўступны рапарт будзе апублікаваны ў лістападзе. А комплексны рапарт праведзеных у Быкоўні працаў будзе падрыхтаваны ў будучым годзе.
А.Пшэвозьнік:Тое, што мы знаходзім, было моцна прыхаванае. Гэтыя рэчы па-рознаму захаваліся, іх няшмат. Таму ідэнтыфікацыя даволі складаная. Цяпер нам трэба ўсё сабраць, упарадкаваць, апісаць. У будучым годзе мы паспрабуем прадставіць рапарт на тэму польскіх сьлядоў у Быкоўні. Мы хочам, каб гэтая праца была апублікаваная, бо гэта будзе першая такая праца на польскім выдавецкім рынку.
Ва ўкраінска-беларускім катынскім сьпісе зьмешчаныя прозьвішчы 7 тыс. 300 палякаў. У Быкоўні знаходзяцца астанкі 3тыс. 435 польскіх грамадзянаў. Сярод забітых ёсьць высокага рангу афіцэры й падафіцэры Польскага войска, Корпусу аховы памежжа, паліцэйскія, прадстаўнікі ведамства юстыцыі, чыноўнікі ўрадавай і мясцовай адміністрацыі, а таксама цывільныя асобы. Усе яны сталі ахвярамі масавых забойстваў, зьдзейсьненых НКУС у 1937-1938 і 1940-1941 г.г.
Эксгумацыйныя працы ў Быкоўні праводзілі ўжо раней – у 1971 і 1989 гадох. Аднак іх вынікі трымалі ў таямніцы, а значная частка дакумэнтацыі проста зьнікла. Польскія навукоўцы ўпершыню прыехалі ў Быкоўню ў 2001 годзе. У апошніх 3 месяцах там працавала 12-асабовая група польскіх дасьледчыкаў.
Ялянта Сьмялоўская