- Пратэстанты аб'явілі галадоўку
- 07.10.2006
Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” ў Менску распачалі галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага, на іх думку, рашэньня менскіх гарадзкіх ўладаў аб пазбаўленьні царквы будынку . На дадзены момант у галадоўцы бярэ ўдзел больш за 10 вернікаў, але як паведамляюць у адміністрацыі царквы, з розных гарадоў Беларусі прыяжджаюць людзі, каб далучыцца да акцыі пратэсту.
Царква “Новае жыцьцё” была зарэгістраваная ў 1992 годзе й зьяўляецца адной з найбуйнейшых пратэстанцкіх цэркваў Беларусі. Кожную нядзелю ў набажэнствах бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек. У 2002 годзе царква на законнай падставе набыла ў сталіцы будынак кароўніка плошчай 1641 кв.м.
Праблемы вернікаў з «Новага жыцьця» цягнуцца ўжо больш за год. Улады патрабаюць ад адміністрацыі царквы пакінуць будынак, паколькі, на іх думку, кароўнік выкарыстоўваецца нязгодна з прызначэньнем.
Гаворыць юрыст царквы «Новае жыцьцё»:
Пасьля працяглай карэспандэнцыі з уладамі мы ня толькі не атрымалі дазволу зьмяніць профіль будынку на больш прыгожы, а нават зьбірацца ў нашым уласным будынку для набажэнстваў. Пазьней улады ўвогуле забаранілі нам зьбірацца ў Менску. Мы прынялі рашэньне зьбірацца ў сваім будынку без дазволу уладаў. Пасьля гэтага мы атрымалі папярэджаньне, што выкарыстоўваем будынак не паводле яго прызначэньня. Але гэта горад Менск і кароў тут разводзіць нельга. Гэта нейкае глупства, але тым ня менш была такая прычына й Менгарвыканкам прыняў рашэньне забраць у нас будынак царквы. Нам прапанавалі разьлік за кожны квадратны мэтар 10 даляраў. Для сталіцы, дзе нават квадратны мэтар складу каштуе 300 даляраў, гэта проста сьмешная сума. Грошы ж перавялі на рахунак царквы. Да панядзелку мы мусім вызваліць будынак царквы. Суд, ідучы на павадку гарвыканкаму, нічога ня вырашыў. Нашыя просьбы да прэзыдэнта таксама не далі выніку. Гэта нашая ўласнасьць, у нас яе забіраюць незаконна, і мы яе не аддамо.
Удзел у галадоўцы бярэ больш за 10 вернікаў, але ў будынку царквы знаходзяцца таксама людзі, якія вырашылі падтрымаць галадоўнікаў. Сёньня ў Менск прыбылі вернікі з Гомеля, Дзятлава, Берасьця, а таксама зь іншых гарадоў Беларусі. Падтрымаць галадоўнікаў вырашыў палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які зьяўляецца вернікам кальнівісцкага адгалінаваньня пратэстанцкай канфэсіі.
У. Мацкевіч: Для пратэсту хрысьціянаў ёсьць шмат іншых нагодаў, не толькі гэта. Я лічу, што хтосьці павінен адказваць за сказаныя словы. На жаль, сёньня ў Беларусі шмат пустаслоўя, шмат пустых PR-дзеяньняў. Шмат што хто гаворыць, але нічога ня робіць. Таму, каб адрозьніць сапраўдныя словы ад пустых, я вымушаны быў пайсьці разам з тымі, хто пайшоў на гэтую галадоўку. Галадоўка - гэта таксама пост, таму мы спадзяёмся на Бога, а не на людзей.
Пратэстанты заяўляюць, што не завершаць акцыі пратэсту, пакуль не даб'юцца канкрэтных вынікаў і адказу гарадзкіх уладаў. Яны называюць свой пратэст галадоўкай-постам.
С. Церэх: Людзей, якія пойдуць да канца, у нас ужо 10 чалавек. Гэта пастаянныя людзі, якія тут дзень і ноч. І мы будзем тут да таго часу, пакуль не атрымаем афіцыйнага адказу ад уладаў. Мы тут ня ў смутку, а ў радасьці, бо мы ведаем, што на нашым баку Бог. Мы не адстойваем нейкія чалавечыя пазыцыі ды якасьці, мы абараняем Божую пазыцыю, у якой мы абвяшчаем свабоду - свабоду веравызнаньня й свабоду асобы.
“Новае жыцьцё” зьяўляецца поўнаэвангельскай пратэстанцкай царквой. Афіцыйны статус царква атрымала ў 1992 годзе й з таго часу вернікі арганізавалі філіялы “Новага жыцьця” ў Горадні, Смалявічах, Жодзіне, Стаўбцах, Лідзе, а нават у Баку. Варта прыгадаць, што, паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі налічваецца 997 пратэстанцкіх суполак, якія аб’ядноўваюць больш як 100 тыс. вернікаў.
Дзьмітры Гурневіч