На працягу 5 дзён у будынку пратэстанцкай царквы „Новае жыцьцё” ў Менску трывае галадоўка вернікаў. Пратэстанты галадаюць у знак пратэсту супраць незаконнай забароны ўжываць будынак былога кароўніка для малітоўных мэтаў. Акцыя пратэсту адбываецца ня толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах Беларусі.
Афіцыйныя ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на галадоўку пратэстантаў. А тым часам адміністрацыя царквы чакае візыту судовага выканаўцы, які павінен афіцыйна паінфармаваць, што вернікі мусяць пакінуць будынак.
Паводле ранішняй інфармацыі, удзел у галадоўцы бяруць 132 асобы, зь іх 32 асобы штодня начуюць у царкве й не пакідаюць будынку. 73 вернікі знаходзяцца ў царкве не пастаянна, а 27 чалавек галадае ў Мазыры, Дзяржынску й Жодзіна.
Адміністратар царквы „Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч кажа, што вернікі ня маюць намеру пакідаць будынак. Яны цудоўна разумеюць, што ў дачыненні да іх можа быць ужытая нават сіла. Але самі вернікі спадзяюцца й жадаюць перамоваў з уладамі й разуменьня зь іх боку.
В. Юрэвіч: Пакуль да нас яшчэ ніхто не прыяжджаў. Колькасьць галадоўнікаў увесь час павялічваецца й зараз складае больш за 100 чалавек. Але пакуль ніякай рэакцыі з боку ўладаў мы ня бачым. І мы не пакінем нашага будынку аж да таго часу, пакуль гэтае пытаньне ня вырашыцца. Нашыя людзі там увесь час, а тыя, хто з раніцы йдзе на працу, увечары вяртаюцца й знаходзяцца ў будынку.
Чалец аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляскей Шэін таксама далучыўся да галадоўнікоў. Ён называе паводзіны ўладаў у дачыненьні да пратэстантаў абуральнымі й заклікае да салідарнасьці з галадоўнікамі.
А. Шэін: Наколькі пратэстанты зараз будуць салідарнымі, настолькі яны будуць моцнымі ў гэтай сытуацыі. Улада дайшла да піку й адчувае сябе вышэй за Бога. Калі ўлада забараняе тое, што Бог сказаў рабіць чалавеку, напрыклад, маліцца ці хадзіць на богаслужэньні, то яна ставіць сябе вышэй нябеснай улады.
Пастар царквы „Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што праблемы пратэстантаў у Беларусі распачаліся з прыняцьцем два гады таму новага рэлігійнага заканадаўства. Аднак, на яго думку, пратэстанты з „Новага жыцьця” найбольш пацярпелі ад прыняцьця гэтага закону.
В. Ганчарэнка: Ёсьць рэлігійны закон, які быў прыняты два гады таму. І гэты закон значна пагоршыў існаваньне, альбо лепш сказаць - разьвіцьцё пратэстанцкага руху ў Беларусі. Шмат хто перасьледваны штрафамі, арыштамі, але наша праблема зьяўляецца найбольш сур’ёзнай. Мы на законнай падставе набылі будынак, а ўлады з-за сваёй ідэалёгіі не дазваляюць нам там зьбірацца. Гэта палітыка дзяржавы: не дазваляць пашырацца пратэстанцкаму руху. Яны, відаць, убачылі ў пратэстантах нейкую пагрозу. Пратэстанты - гэта прагрэсіўныя людзі, якія маюць свой пункт гледжаньня, якія прызнаюць вярхоўную ўладу, вышэйшую, чым улада зямная, якія падпарадкоўваюцца перш за ўсё Божым законам.
Нагадаю, што галадоўка – пост распачалася 6 кастрычніка. Пратэстанты патрабуюць адмены рашэньня Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні царквы будынку й зямельнага ўчастку. Улады вярнулі царкве кошты за набыцьцё будынку, аднак сума 17 тыс. даляраў, якая была пералічаная на рахунак царквы, у некалькі дзясяткаў разоў меншыя за рэальную цану былога кароўніка. Бо менавіта кароўнік калгасу ім. Міхаіла Калініна набыла пратэстанцкая супольнасьць для сваіх набажэнстваў.
Дзьмітры Гурневіч