- Арышты на Дзень Салідарнасьці
- Audio0 KB
- 17.10.2006
Учора беларусы ва ўсім сьвеце адзначалі традыцыйны Дзень Салідарнасьці. Акцыі з гэтай нагоды адбыліся ў Польшчы, Бэльгіі, ЗША, Летуве ды іншых краінах. Аднак галоўныя мерапрыемствы прайшлі ў самой Беларусі. Пікеты, флэшмобы, вывешваньне расьцяжак і сьцягоў адбылося ў Менску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Салігорску, Жодзіне і ў іншых гарадох краіны. Не абышлося без затрыманьняў.
Традыцыйныя акцыі салідарасьці зь беларускімі палітзьняволенымі адбыліся з такімі ж традыцыйнымі затрыманьнямі іх удзельнікаў. Людзі прыходзілі са сьвечкамі й партрэтамі зьніклых, але, нягледзячы на тое, што акцыі мелі выключна мірны характар, праваахоўныя ворганы ў чарговы раз паказалі, як дзяржава ставіцца да любой праявы іншадумства.
Падчас мерапрыемстваў у Менску былі затрыманыя больш за 10 асобаў, у Гомелі міліцыя арыштавала 15 моладзевых актывістаў, яшчэ некалькі дзясяткаў былі затрыманыя ў Берасьці й Салігорску. Дарэчы, у Салігорску акцыя прымеркаваная да Дня Салідарнасьці была разагнаная ўпершыню. Каля 30 міліцыянтаў удзельнічала ў затрыманьні людзей, якія стаялі на галоўным пляцы гораду, трымаючы сьвечкі й партрэты зьніклых палітыкаў.
Гаворыць адзін з затрыманых, салігорскі моладзевы актывіст Ільля Шыла.
І. Шыла: Ля рынку сабралося шмат моладзі, каля 50 чалавек. Пазьней зьявіліся міліцыянты, адразу толькі тры асобы ў цывільным, а пасьля пад’ехаў міліцэйскі аўтобус і некалькі машын. Яны пачалі хапаць людзей. Адразу хацелі затрымаць Івана Шылу, але сябры абаранілі яго, пасьля чаго міліцыянты пачалі затрымліваць усіх астатніх. Агулам затрыманых было каля 5 чалавек. У пастарунку міліцыя пагражала, што затрымаюць нас на некалькі сутак, але праз пару гадзінаў нас адпусьцілі.
Акцыі салідарнасьці адбыліся ўчора ў розных раёнах беларускай сталіцы. Некалькі чалавек былі затрыманыя АМАПам у сквэры Адама Міцкевіча ля Нямігі. Пасьля некалькіх гадзінаў у пастарунку міліцыянты адпусьцілі затрыманых.
Каля 9 гадзін увечары каля пад’езду ўласнага дому была затрыманая непаўнагадовая моладзевая актывістка, Наста Палажанка. Некалькі міліцыянтаў, якія адмыслова сачылі за Настай з аўтамабіля, затрымалі дзяўчыну, ужыўшы фізычную сілу. Пасьля сп. Палажанку адвезьлі ў апорны пункт міліцыі, дзе на працягу двух гадзінаў пагражалі й патрабавалі прызнацца ў тым, што яна нібыта вывесіла расьцяжку “Свабоду Зьміцеру Дашкевічу”.
Н. Палажанка: Каля пад'езду мяне сустрэлі супрацоўнікі ў цывільным. Пасадзіўшы мяне ў машыну, адвезьлі ў апорны пункт, але я нават не заўважыла, у які дакладна. Ужо ў міліцыі былі просьбы пра супрацоўніцтва, пра спыненьне нашай дзейнасьці, каб я здала людзей. Былі пагрозы. Пазьней яны завезьлі мяне ў Першамайскі РАУС. Там мне паказалі нейкую тэчку й сказалі, што распачнуць яшчэ адну крымінальную справу. Сказалі, што пакінуць там на ноч, але, дзякуй Богу, усё скончылася добра.
Нагадаю, што ўсе затрыманыя былі адпушчаныя з пастарунку празь некалькі гадзінаў пасьля затрыманьня. У дачыненьні да іх не было складзена ані пратаколаў, ані было прынесена прабачаньяў за беспадстаўнае затрыманьне.
Дзьмітры Гурневіч