- Намесьнік Казуліна за супрацу з Лукашэнкам
- Audio0 KB
- 20.10.2006
13-14 кастрычніка ў Вільні адбываўся сэмінар Парлямэнцкай Асамблеі NАТО па Беларусі. Асноўнай мэтай сустрэчы была апрацоўка ў Эўразьвязе яснай і канкрэтнай стратэгіі адносна таго, якім чынам можна аказваць уплыў на становішча ў Беларусі й спрыяць дэмакратызацыі краіны. У сустрэчы прынялі ўдзел лідэры беларускай апазыцыі, а таксама прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі. І адны, і другія моцна зьдзівілі эўрапейскіх палітыкаў сваімі заявамі.
На запрашэньне летувіскіх палітыкаў удзел у канфэрэнцыі Парлямэнцкай Асамблеі NАТО ўзялі лідэры беларускіх палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў. У апошні дзень канфэрэнцыі да ўдзельнікаў зьвярнуўся супрацоўнік беларускай амбасады, які заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Эўрапейскім Зьвязам, Радай Эўропы, Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы й NATO. Словы беларускага дыплямата моцна зьдзівілі прысутных. Аднак зьдзіўленьне ад прамовы супрацоўніка дыпляматычнай пляцоўкі не было адзіным. Слова падчас канфэрэнцыі меў намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партым “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк, які заявіў, што беларуская апазыцыя ў дадзены момант надзвычай слабая й яе не падтрымлівае народ. Адначасова ён выказаў думку, што варта супрацоўнічаць з уладай, каб быць пачутым грамадзтвам.
У. Нісьцюк: Я паспрабаваў даць аналіз усім тым сілам, якія маюць уплыў на Беларусь. Хацеў зьвярнуць увагу на іх слабыя й моцныя моманты. Я не хачу ні перад кім апраўдвацца. Я лічыў і лічу, што ў тым стане, у які мы сябе самі загналі, я маю на ўвазе беларускую апазыцыю, мы няздольныя змагацца супраць рэжыму. І менавіта ў гэтых умовах Аляксандар Лукашэнка мае магчымасьць дэманстраваць усе свае моцныя бакі. Мы зараз варымся ў сваім катле й практычна ня маем уплыву на самую галоўную сілу ў Беларусі - на беларускі народ.
Палітык заўважае, што беларуская апазыцыя займаецца неактуальнымі для беларускага грамадзтва справамі, і пакуль яна ня зьменіць сваёй тактыкі, то ня варта чакаць шырокай падтрымкі сярод грамадзян.
У. Нісьцюк: Трэба зьмяніць словы пра правы чалавека, ці неяк адставіць іх трохі ўбок, і весьці зараз размову пра прамыя правы чалавека: пра права на працу, на заробак, на меншыя камунальныя аплаты й гэтак далей. Беларускай апазыцыі трэба ўрэшце знайсьці сілу й сесьці за стол без аніякіх зьнешніх калегаў, спонсараў і донараў. Праўды няма ані ў дзеяньнях улады, ані ў апазыцыі.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць заявы Нісьцюка адпаведным да яго статусу. Прафэсар Шушкевіч прыгадвае, што менавіта Нісьцюк у 1994 годзе быў адным з паплечнікаў Лукашэнкі.
С. Шушкевіч: Нісьцюк у свой час быў галоўным ідэёлягам падчас першай выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Ён разам з Лукашэнкам хлусіў, разам рабіў правакацыі. Ён меў дачыненьне да ўсіх тых справаў, якія не вельмі пасуюць да прыстойнага чалавека. Нельга супрацоўнічаць зь людзьмі, якія зрабілі столькі злачынстваў. У нас было шмат захадаў па супрацоўніцтву. А супрацоўніцтва зараз можа быць толькі такое, якое падыходзіць да Нісьцюка: паўзі на каленях і цалуй, як раней цалаваў, ногі.
У сваёй прамове Ўладзімер Нісьцюк прапанаваў спыніць фінансаваньне тэле- і радыёпраектаў для Беларусі з-за мяжы. Вось толькі выклікае сумнеў, ці данёс бы ён сваю думку да беларусаў, каб не існавала падобных сродкаў масавай інфармацыі.
Дзьмітры Гурневіч